Лукашэнка прызначыў кіраўніка Акадэміі навук і міністра архітэктуры (відэа)
15 кастрычніка кіраўнік дзяржавы разгледзеў кадравыя пытанні.
Старшынёй прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прызначаны Уладзімір Гусакоў, які раней займаў пасаду намесніка старшыні.
Як інфармуе БЕЛТА, Аляксандр Лукашэнка паставіў задачы "па павышэнні эфектыўнасці, інтэграванасці ў эканоміку, што павінна павялічыць запатрабаванасць навуковых распрацовак, якія мусяць даваць краіне рэальны эканамічны эфект". Таксама Уладзіміру Гусакову (на здымку) неабходна "умацаваць сувязь навукі з вытворчасцю" ды амалоджваць кадры, павышаць матывацыю працы навукоўцаў.
Нагадаем, папярэдні кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук Анатоль Русецкі пакінуў сваю пасаду ў кастрычніку 2012 года пасля таго, як яго абралі намеснікам старшыні Савета Рэспублікі. Ад таго часу Акадэмія навук заставалася без кіраўніка.
Міністрам архітэктуры і будаўніцтва прызначаны Анатоль Чорны, старшынёй Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях — Аляксандр Шумілін.
Фота — bymedia.net, БЕЛТА