Лукашэнка, Пуцін і Назарбаеў дамовіліся сустрэцца 8 траўня ў Маскве (фота)
20 сакавіка ў Астане прайшла трохбаковая сустрэча лідараў Беларусі, Расіі і Казахстана.
У пятніцу, 20 сакавіка, у сталіцы Казахстана прайшла трохбаковая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі, Уладзіміра Пуціна і Нурсултана Назарбаева. Па яе выніках кіраўнік Беларусі заявіў журналістам, што была дасягнутая дамова пра сустрэчу кіраўнікоў Беларусі, Расіі і Казахстана 8 траўня ў Маскве. Паводле слоў Лукашэнкі, на сустрэчы ў расійскай сталіцы працягнецца абмеркаванне тых пытанняў, якія былі ўзнятыя сёння ў Астане. Ён адзначыў, што, каб вырашыць праблему зніжэння тавараабароту (летась зніжэнне ў ЕАЭС склала 15-16%), трэба напоўніць рынак Еўразійскага эканамічнага саюза таварамі мясцовага паходжання. Лукашэнка падкрэсліў, што лідары Беларусі, Расіі і Казахстана збіраліся ў Астане менавіта для таго, каб вырашыць існуючыя праблемы.
Уладзімір Пуцін адзначыў, што прыйшоў час гаварыць "пра магчымасці фармавання ў перспектыве валютнага саюза". Паводле яго слоў, на сённяшняй сустрэчы абмяркоўваліся пытанні еўразійскай інтэграцыі. Пуцін падкрэсліў, што сумесна тром краінам "прасцей рэагаваць на знешнія фінансавыя эканамічныя пагрозы, абараняць наш сумесны рынак", інфармуе РІА "Новости".
У пятніцу ў Казахстане кіраўнік Беларусі таксама заявіў, што напярэдадні 70-х угодкаў перамогі над нацызмам лідары трох краін павінны прадэманстраваць сваё адзінства.
Фота: БЕЛТА, ria.ru