Лукашэнка расказаў, як трэнер яго каманды атрымаў акумулятарны завод
Падчас паездкі ў Брэст Аляксандр Лукашэнка расказаў, як трэнер яго хакейнай каманды і гендырэктар ХК "Дынама-Мінск" Дзмітрый Баскаў стаў уладальнікам скандальна вядомага акумулятарнага завода.
Як вядома, будаваць прадпрыемства пачынала кампанія "АйПаўэр" Віктара Лемяшэўскага. Потым КДБ пачаў крымінальную справу супраць кіраўніцтва кампаніі па абвінавачанні ў хабары. А сёлета ўвесну брастаўчане, якія пратэставалі супраць будаўніцтва завода, даведаліся, што ў яго змяніліся ўласнікі.
Па словах Лукашэнкі, новыя гаспадары прадпрыемства з ім у хакей не гуляюць. "Тое, што Баскаў там з'яўляецца трэнерам каманды — дык вы ж не ведаеце, як Баскаў туды трапіў. Ён прыйшоў з гэтым чалавекам... Калісьці ў Іспаніі жыве ці жыў, вось цяпер пандэмія выкінула адтуль. "Хачу заводы". Гасподзь з табой. 26 мільёнаў стратаў, не пачаўшы працаваць. Навошта? Я кажу: не разумею, навошта? І Баскаў тут: вось ён такі добры і іншае. Я кажу: вось удваіх ідзіце. Вось была размова якая. Я вам шчыра прызнаю. А Баскаў жыве каля завода, сям'я яго жыве і яго дзеткі там. Гэта я кажу: вось ты ідзі з ім і галаву закладвай за яго", — перадае тэлеканал СТБ словы Лукашэнкі.
Цяпер акумулятарны завод пад Брэстам належыць ТАА "Акумулятарны альянс". 85% акцыяў гэтай кампаніі належаць Сяргею Кагановічу, 15% — Дзмітрыю Баскаву.
Дарэчы, Кагановіч удзельнічаў у хакейных турнірах, дзе была каманда Аляксандра Лукашэнкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.