Баскаў: некаторыя спартсмены сёння паліваюць брудам дзяржаву
Гендырэктар хакейнага мінскага "Дынама" Дзмітрый Баскаў выказаўся пра сітуацыю, калі меркаванні беларускіх спартсменаў наконт палітычнай сітуацыі ў краіне падзяліліся. У апошнія дні некаторыя атлеты выказваюцца ў падтрымку ўлады і яе дзеянняў, іншыя асуджаюць затрыманні ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту. Зразумела, што Баскаў, трэнер хакейнай каманды кіраўніка дзяржавы, крытычна адносіцца да тых, хто ў цяперашняй сітуацыі асуджае ўладу. Ён нагадвае ім пра затраты дзяржавы на іх падрыхтоўку "з малых гадоў".
"Мне асабліва крыўдна чытаць каментары спартсменаў, для якіх дзяржава зрабіла сапраўды шмат", — піша Дзмітрый Баскаў. Яго абурае, што "у часы, калі настаўнікі і лекары, не з'яўляючыся прадстаўнікамі самых высокааплатных прафесій, працуюць на месцах, не адцягваючыся на балбатню ў сацыяльных сетках, некаторыя прадстаўнікі спартыўнай эліты дазваляюць сабе крытычныя выказванні ў адрас дзяржавы". Гендырэктар ХК "Дынама-Мінск" нагадвае, што якраз гэтая дзяржава "іх выхавала і дазволіла заставацца ў спорце, ні ў чым не маючы патрэбы".
Па словах Баскава, "гэтыя подлыя рэплікі гучаць у асноўным ад тых, чые перамогі даўно ззаду і хто наўрад ці сёння складзе канкурэнцыю новым пакаленням". Тым не менш, ён не можа маўчаць, яго гэтыя выказванні яго не пакідаюць у спакоі. "Учора я ганарыўся кожным беларускім спартсменам, а сёння за некаторых з іх мне сорамна", — піша Дзмітрый Баскаў. Ён лічыць, што гэтыя людзі не выказваюць сваё меркаванне, грамадзянскую пазіцыю, а выключна "набраліся нахабнасці паліваць брудам дзяржаву", "дазваляюць сабе нізкія, подлыя каментары".
Адначасова Баскаў выказвае падзяку "кожнаму спартсмену", які "знайшоў у сабе смеласць выказаць такую "непапулярную", як паказваюць водгукі ў інтэрнэце, пазіцыю падзякі [дзяржаве]".
Згадаем некалькі спартсменаў, якія крытыкавалі дзеянні ўладаў. Баксёр Кірыл Рэліх заявіў: Затрыманні, збіццё людзей — гэта проста ганьба. Баскетбаліст Мікіта Мешчаракоў: Аляксандр Рыгоравіч, вы не мой прэзідэнт!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.