Лукашэнка: "Тады я прапаную Пуціну вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь"
30 лістапада Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя можа вярнуцца ў Беларусь. Гэта можа быць адказам на выпадак, калі NATO вырашыць размясціць ядзерную зброю ва Усходняй Еўропе, у той жа Польшчы.
"Тады я прапаную [прэзідэнту Расіі Уладзіміру] Пуціну вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь", — сказаў Лукашэнка ў інтэрв'ю расійскаму прапагандысту Дзмітрыю Кісялёву. "Якую ядзерную зброю?", — пацікавіўся ён. "Мы дамовімся, якую, — працягваў Аляксандр Лукашэнка. — Тую ядзерную зброю, якая будзе найбольш эфектыўнай...".
Лукашэнка падкрэсліў, што да магчымага вяртання ядзернай зброі Беларусь гатова. "Усе хлявы стаяць на месцы", — сказаў ён.
Можна чакаць, што Масква неўзабаве пракаментуе скандальную заяву.
Беларусь адмовілася ад ядзернай зброі, якая дасталася ёй ад СССР, чвэрць стагоддзя таму. Яе вывезлі ў Расію. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова выказваў шкадаванне з гэтай нагоды.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.