Лукашэнка заклікаў да адзінства паміж народамі і ўнутры царквы
Выступаючы 7 студзеня ў мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы, Аляксандр Лукашэнка заклікаў да адзінства паміж народамі і ўнутры царквы.
"Ёсць нейкія пераборы ў плане таго, што трэба аддзяліцца, вылучыцца, яшчэ нешта там. Ведаеце, жыццё ўсё расставіць на свае месцы. Ніколі не трэба бегчы наперадзе паравоза. Ніколі не трэба ставіць для вырашэння тыя пытанні, якіх сёння не існуе. Нам абсалютна не перашкаджае сёння тое, што мы з брацкімі народамі — расіянамі, украінцамі, іншымі народамі і народнасцямі, якія пражываюць у нашых дзяржавах, ва ўлонні праваслаўя знаходзімся разам", — цытуе Лукашэнку прэс-служба кіраўніка краіны.
"А тое, што сёння наспела, і тое, што трэба вырашаць у царкве, у дзяржаве, я гэта казаў на Сінодзе. Гэта нічога агульнага не мае з тым, што мы павінны сёння абавязкова парэзаць усё па жывому і раз'яднацца. Не трэба гэта рабіць. Трэба быць спакойнымі, трэба вырашаць тыя задачы, якія сёння ёсць, і трошкі глядзець наперад, — адзначыў Лукашэнка. — Не трэба глядзець вельмі далёка. У адваротным выпадку мы можам дапусціць памылкі. У наш няпросты час гэта недапушчальна. І трэба быць вельмі акуратнымі для таго, каб зарыентавацца ў гэтым бурным і няпэўным свеце".
Днямі мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел раскрытыкаваў ідэю стварэння беларускай аўтакефальнай царквы. У прыватнасці, ён заявіў, што ідэя стварэння беларускай аўтакефальнай царквы з'яўляецца д'ябальскай спакусай, бо спрыяе не аб'яднанню, а раз'яднанню людзей.
Падчас наведвання Свята-Духава кафедральнага сабора Аляксандр Лукашэнка запаліў раствовую свечку ля Мінскай іконы Божай Маці. Ён таксама перадаў у дар праваслаўнай царкве абраз Божай Маці “Замілаванне”, напісаны паводле ўзору маларыцкай іконы “Замілаванне” XV стагоддзя. Мітрапаліт Павел у сваю чаргу падараваў Лукашэнку абраз Іверскай іконы Божай Маці, асвячонай на гары Афон.