Лукашэнка запрасіў прэзідэнта Егіпта ў Мінск

Лукашэнка запрасіў прэзідэнта Егіпта ў Мінск

Аляксандр Лукашэнка правёў у Каіры перамовы з прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам аль-Сісі і запрасіў егіпецкага лідара ў Мінск. Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, бакі правялі “плённыя перамовы і дамовіліся пра далейшае нарошчванне гандлёва-эканамічных сувязяў, павелічэнні беларускага экспарту з улікам патрэбаў егіпецкага боку і наладжванні двухбаковай вытворчай кааперацыі з выкарыстаннем тэхналогій і досведу”. Па выніках перамоваў былі падпісаныя 10 дакументаў аб супрацоўніцтве.

Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь высока цэніць палітычны курс Егіпта, скіраваны на забеспячэнне бяспекі ў рэгіёне і ўмацаванне пазіцыяў краіны на міжнароднай арэне. Таксама ён заявіў, што Беларусь заўсёды будзе падтрымліваць Егіпет на міжнародных пляцоўках.

“Мы вельмі станоўча ацэньваем перамовы, якія адбыліся. Я запрасіў майго сябра і калегу прэзідэнта Егіпта зрабіць візіт у адказ у Мінск у любы зручны для яго час. Мы з вялікім задавальненнем будзем прымаць яго ў Мінску і прадэманструем усё, на што здольныя ў інтарэсах вашай прыўкраснай і старажытнай краіны, вашага працавітага народа”, — сказаў кіраўнік Беларусі.

У Каір Лукашэнка прыбыў з двухдзённым візітам, пасля чаго накіруецца ў Судан.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі