Лукашэнка запрасіў у Беларусь прэзідэнта Афганістана

Аляксандр Лукашэнка запрасіў прэзідэнта Ісламскай Рэспублікі Афганістана Махамада Ашрафа Гані наведаць у бліжэйшы час Беларусь. Тэлефонная размова дзвух кіраўнікоў адбылася сёння, 15 чэрвеня па ініцыятыве афганскага боку. Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу беларускага кіраўніка, Махамад Ашраф Гані з падзякай прыняў запрашэнне.

Лукашэнка і Гані абмеркавалі цяперашні стан, а таксама перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. Афганскі лідар высока ацаніў поспехі Беларусі “у эканамічным і палітычным будаўніцтве”, а таксама “выказаў вялікую зацікаўленасць у развіцці адносінаў”.

Кіраўнікі дзяржаваў абмеркавалі сітуацыю ў Цэнтральнай Азіі. Гані адзначыў, што Афганістан “вядзе цяжкую вайну з праявамі тэрарызму, робячы тым самым вялікі ўнёсак у барацьбу з тэрарызмам ва ўсім свеце”. Лукашэнка ў сваю чаргу заявіў, што “барацьба з гэтым злом — агульная задача ўсёй сусветнай супольнасці” і “для перамогі над тэрарызмам неабходныя аб’яднаныя высілкі”.

Суразмоўцы дамовіліся актывізаваць міждзяржаўныя кантакты па шырокім спектры накірункаў.

Фота: ТАСС

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі