Лукашэнка: звальняюць людзей, якія не падпісаліся за альтэрнатыўных кандыдатаў
10 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка зноў правёў нараду, прывечаную выбарам. Ён заявіў, што ў прыватных кампаніях звальняюць работнікаў, якія не падпісваюцца за ягоных канкурэнтаў.
Паводле Лукашэнкі, гэта адбываецца ў Мінску і іншых гарадах. "Прытым, баюся сказаць масава, але даволі шмат. Я наконт гэтага адпаведную заяву ўжо рабіў. Мала таго, звальняюць людзей — тых, хто не аддаў подпіс за альтэрнатыўных так званых кандыдатаў: ты там за Пятрова, Сідарава не распісаўся — сыходзь", — цытуе БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы.
У сувязі з гэтым Лукашэнка даручыў кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Ігару Сергеенку, старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і кіраўніку спраў прэзідэнта Віктару Шэйману выпрацаваць сістэму праверак прыватных кампаній.
Праверкі павінны высветліць прычыны звальнення за апошнія тры месяцы. "Публічна хачу сказаць: калі яны хочуць у Беларусі прыстойна працаваць і даваць карысць краіне, не крыўдзячы людзей, яны павінны аднавіць гэтых людзей або аплаціць ім за тры, два ці адзін месяц — за тое, што выкінулі беспадстаўна", — заявіў Лукашэнка.
Між тым, выбарчая кампанія пачалася толькі месяц таму: дата выбараў была прызначаная 8 траўня, а спісы ініцыятыўных груп ЦВК прымаў да 15 траўня ўключна. Якія подпісы за кандыдатаў збіралі тры месяцы таму, невядома.
Дарэчы, правабаронцы і СМІ паведамлялі дагэтуль толькі аб прымусовым зборы подпісаў за кіраўніка дзяржавы. Ні пра аднаго з альтэрнатыўных кандыдатаў такіх звестак няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.