Лябедзька: У нас абіраюць, а Лукашэнка прызначае сябе сам — уся розніца!

Анатоль Лябедзька ўзначальвае Аб’яднаную грамадзянскую партыю з 2000 года. Пераабранне старшыні адбываецца кожныя два гады. Такім чынам, Лябедзька ўзначальвае партыю ўжо 7 тэрмінаў! Сам палітык шчыра прызнаецца: у сябраў партыі няма матывацыі імкнуцца заняць яго сённяшнюю пасаду.

Анатоль Лябедзька: “Калі гэта партыя не праўладная, трэба адназначна сказаць, што праблем, рызыкі, пагрозаў для цябе і тваіх сваякоў значна больш, калі ты старшыня, чым дывідэндаў”.

За кандыдатуру Анатоля Лябедзькі на з’ездзе прагаласавала 102 са 127 дэлегатаў — 80,3% ад тых, хто прагаласаваў. У Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 2010 года было менш — 79,65%. Але старшыня АГП абураецца ад такога параўнання.

Анатоль Лябедзька: “Аспрэчваць тое, што ў нас выбіраюць, а Лукашэнка прызначае ўсіх пачынаючы ад сябе і заканчваючы старшынёй пасялковага савета, і не бачыць тут розніцы! Ну, прабачце, я тут нічым не магу дапамагчы — як гэта патлумачыць на пальцах? Я толькі падкрэсліваю, што калі б свабодныя, сумленныя выбары ў АГП былі ў фармаце краіны, мы б даўно ўжо былі іншай краінай”.

                                          Анатоль Лябедзька

Але калі б Лукашэнка выйграў на такіх сумленных і свабодных выбарах, то, кажа Лябедзька, ён бы яго першы павіншаваў з перамогай. Прычым няважна, колькі тэрмінаў у выніку такіх перамог чалавек знаходзіцца пры ўладзе — хоць да смерці, лічыць палітык. Хай на прэзідэнцкай пасадзе, хай на пасадзе старшыні партыі.

У лідара левых Сяргея Калякіна стаж кіраўніка такі ж, як і ў Аляксандра Лукашэнкі — партыю “Справядлівы свет”, якая спачатку называлася “Партыя камуністаў Беларуская”, ён узначальвае з 1994 года. Нязменна. І ніякіх маральна-этычных праблем у гэтай нязменнасці палітык… не бачыць.

Сяргей Калякін: “Абранне таго ці іншага чалавека кіраўніком партыі, асабліва апазіцыйнай, гэта справа сяброў партыі! І калі яны лічаць, што ён спраўляецца са сваімі абавязкамі, ён можа выконваць гэтую працу працяглы час”.

                                Сяргей Калякін

Наадварот, упэўнівае палітык, супраць усіх маральна-этычных норм будзе, калі лідар партыі, не зважаючы на меркаванне людзей, якія яму паверылі і пайшлі за ім, раптам скажа, што “адбыў тэрмін і сыходзіць адпачываць”. Асабліва з улікам таго, што ахвочых заняць месца лідара апазіцыйнай партыі проста… няма!

Сяргей Калякін: “А што ты атрымаеш? Атрымаеш павышаны інтарэс спецслужбаў да цябе і тваіх родных і блізкіх, адказнасць за людзей, якімі кіруеш. Таму разумных людзей гэта стрымлівае. Яны разумеюць, што кіраванне партыяй — гэта не толькі партфель, але і вялікі цяжар абавязкаў, якія штодзень неабходна выконваць”.

Другое месца па доўгажыхарстве займае лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч — кіруе з 1995 года. Палітык упэўнівае: у іх ахвочых заняць яго месца процьма. Але яны вымушана стрымліваюць свае амбіцыі, бо разумеюць: без Гайдукевіча ЛДПБ — ужо нібыта і не партыя…

Сяргей Гайдукевіч: “Я ніколі не трымаўся за крэсла — у мяне ўвогуле такога няма! Але сітуацыя такая, што людзі глядзяць на перспектыву: пачынаецца прэзідэнцкая кампанія альбо парламенцкія выбары, і людзі ацэньваюць лідара, глядзяць, трэба яго мяняць ці не".

                            Сяргей Гайдукевіч

Падмануць давер людзей Гайдукевіч не можа. І ўпэўнівае: абмяжоўваць тэрмінамі кіраўніка партыі — глупства.

Не адпускаюць, скардзіцца лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч. З 2005 года не адпускаюць.

Аляксандр Мілінкевіч: “Сёння сітуацыя такая, шчыра скажу, што маладыя людзі, якія ёсць у Руху, не хацелі б, каб я сышоў. Але я лічу, што амаладжэнне вельмі важнае. Я не буду вечна сядзець на пасадзе і зараз мая самая галоўная задача — падрыхтаваць такіх маладых, якім можна перадаць кіраванне”.

                     Аляксандр Мілінкевіч

Тым не менш Мілінкевіч далучаецца да меркавання калег: калі сябры партыі давяраюць кіраўніку і хочуць менавіта яго бачыць лідарам, то не трэба зважаць на абмежавальныя нормы партыйнага статута.

Цалкам інтэрв’ю з Анатолем Лябедзькам з нагоды яго пераабрання старшынёй Аб’яднанай грамадзянскай партыі чытайце на сайце Еўрарадыё неўзабаве.

Фота: Змітра Лукашука, з архіва Анатоля Лябедзькі

Відэа: http://naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі