Маці дваіх дзяцей атрымала два гады "хатняй хіміі" за каментар з трох літар
Два гады абмежаванне волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу — такі прысуд быў вынесены у панядзелак жыхарцы Мінска Юліі Шастаковай, паведамляюць праваабаронцы.
Жанчыну ,у якой двое дзяцей, абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (ч. 1 арт. 369 КК) — супрацоўніка ДАІ з Ганцавічаў Ігара Вольніча. Згодна з абвінавачваннем, Шастакова ў ліпені 2020 года ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" на старонцы Вольгі Карач пакінула каментар з трох літар: "Чмо".
На судзе Шастакова сцвярджала, што каментар не дапісала да канца, адправіла выпадкова. Хацела напісаць у адрас каментатараў, а не ў адрас супрацоўніка ДАІ. Аднак на ранейшым допыце тлумачыла свае дзеянні тым, што трапіла пад уплыў дэструктыўных СМІ.
Пракурор Мікіта Савіцкі запрасіў для Шастаковай два гады "хатняй хіміі", а таксама задаволіць матэрыяльны пазоў Вольніча ў памеры 1500 рублёў. Менавіта такі прысуд і вынесла суддзя Анастасія Асіпчык.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.