Маці палітвязня Таццяну Севярынец аштрафавалі на 5400 рублёў
Таццяна Севярынец
Таццяну Севярынец аштрафавалі на 5400 рублёў. Яе прызналі вінаватай у "распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў" і ў "несанкцыянаваным пікетаванні". Рашэнне прыняў суддзя Першамайскага раённага суда Віцебска Міхаіл Юрчанка. Абодва адміністрацыйныя пратаколы былі складзены паводле "вывучэння" сілавікамі старонак Севярынец у сацсетках, паведамляюць праваабаронцы.
Пра затрыманне Таццяны Севярынец стала вядома 9 студзеня. У той жа дзень з вялікім ціскам яе шпіталізавалі, а пасля да суда, прызначанага на 25 студзеня, адпусцілі дадому.
"Прыцягнулі мяне за тое, што я размяшчала ў сябе ў фэйсбуку яшчэ пры цары Гароху нейкія матэрыялы, якія зараз прызнаныя "экстрэмісцкімі" і яны забароненыя, — казала пасля затрымання Севярынец на відэа сілавікоў. — Але на той момант яны не былі забароненыя і лагатыпы не былі тады забароненыя".
Таццяна Севярынец — актывістка з Віцебска, маці палітыка, палітвязня Паўла Севярынца (у 2021-м ён быў асуджаны на сем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму) і пісьменніцы Ганны Севярынец.
У Гомелі была аштрафаваная Валянціна Міронава, маці былога палітвязня Іллі Міронава, які цяпер жыве за мяжой.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.