Маці "шпіёна" Гайдукова выступіць у судзе як сведка
Пра гэта Еўрарадыё распавяла віцебская актывістка Таццяна Севярынец.
Таццяна Севярынец: "Галоўная навіна, я лічу, у тым, што маму Андрэя Гайдукова па хадайніцтве адвакатаў дапытаюць у якасці сведкі. Прынятае такое рашэнне. Яна будзе дапытаная, толькі невядома — калі".
Нагадаем, што Вользе Гайдуковай адмаўлялі ў сустрэчах з сынам ад часу яго затрымання ў лістападзе 2012 года. Таму спатканне ў судзе стане для маці з сынам рэдкай магчымасцю пабачыцца.
Таксама Таццяна Севярынец паведаміла, што суд над Андрэем Гайдуковым працягнецца да пятніцы 21 чэрвеня — пра гэта напісана на дошцы інфармацыі ў Віцебскім абласным судзе.
Нагадаем, што наваполацкага актывіста вінавацяць у здрадзе дзяржаве. Паводле інфармацыі КДБ, хлопца арыштавалі падчас закладкі тайніка для замежнай разведкі. Суд праходзіць у закрытым рэжыме. Праваабаронцы звяртаюць увагу на шматлікія парушэнні падчас следства і суда, аднак назваць Гайдукова палітвязнем не спяшаюцца.
Фота Вольгі Гайдуковай — svaboda.org