Мацкевіч: У “саюзнай дзяржаве” і беларусы будуць прымушальнікамі да міру

Палітолаг Уладзімір Мацкевіч лічыць, што ў бліжэйшы час Расія можа з чарговым “прымусам да міру” звярнуцца ў Крым, аднак не наважыцца пайсці ў Латвію, хоць і з 1991 года трымае там бомбу замаруджанага дзеяння ў выглядзе прызнання тамтэйшага рускамоўнага насельніцтва грамадзянамі Расіі. А калі Мядзведзеў рэалізуе свой план “Саюзная дзяржава” з Беларуссю, беларускія жаўнеры будуць імчаць за кожным расійскім стрэлам. Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка паскардзіўся ў інтэрв'ю Times, што Расія не жадае рыхтавацца да вываду свайго флота з Крыма. Баяцца расіянаў і палякі, якія хуценька падпісалі з амерыканцамі дамову аб ПРА. Беларусі ж, на думку Рамана Якаўлеўскага баяцца позна, яна ўжо “моцна прышпіленая да расійскай вайсковай калясніцы”. На каго наступнага рушыць сюзерэн Беларусі – адноўленая расійская імперыя?Адказаць на гэтае пытанне мы папрасілі палітолага Уладзіміра Мацкевіча.

“Еўрарадыё”: Якія наступныя праекты a-la Абхазія і Асеція могуць быць у Расіі?

У.Мацкевіч: Крым – найбольш верагодная і блізкая перспектыва. Што тычыцца выдачы расійскіх пашпартоў і грамадзянства, то гэтая ініцыятыва была высунутая яшчэ ў 1991 г. “Інтэрфронтам” Латвіі. Тады Расія пачала залічваць рускамоўных жыхароў Латвіі у грамадзяне Расіі. Цяпер гэтая бомба замаруджанага дзеяння выбухнула ў Абхазіі і Асеціі. Гэта небяспека тычыцца некалькіх рускамоўных анклаваў у Латвіі і Эстоніі. Але там яны больш-менш абароненыя сяброўствам у Еўрасаюзе і НАТА. А вось Крым – выбуховая тэрыторыя, на яго Масква, Крэмль маюць вялікія прэтэнзіі. Тым больш што гэта мае значэнне для кантролю за Чорным морам.

“Еўрарадыё”: Ці магчымае ўцягванне НАТА і ўвогуле заходняга свету ў ваенны канфлікт?

У.Мацкевіч:
У НАТА цяпер, скажам так, досыць міралюбнае кіраўніцтва і прадуманая доўгатэрміновая палітыка. Таму я не лічу, што магчымае іх уступленне ў ваенны канфлікт. З іншага боку, Каўказ такі ж складаны рэгіён, як і Балканы. Магчымае ўмяшанне такіх элементаў, як ісламскі фундаменталізм. Да таго ж складаныя этнічныя і тэрытарыяльныя прэтэнзіі. Тут магчымыя непрадказальныя варыянты развіцця сітуацыі. Беларусы павінныя разумець, што калі планы Мядзведзева здзейсняцца і будзе пашыраная г.зв. “Саюзная дзяржава” за кошт Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, тады пры кожным выбуху сітуацыі на Каўказе беларускім жаўнерам не ўдасца адседзецца ў баку, давядзецца браць удзел у гэтых “прымусах да міру”.

Аляксандр Квасьнеўскі, былы прэзідэнт Польшчы, вядомы міжнародны медыятар, звярнуўся да лідэраў Захаду з такім пасланнем: “Недалучэнне Ўкраіны і Грузіі да Плану Пашырэння НАТА дае цалкам ілжывы сігнал: гэта раўназначна маўкліваму прызнанню падзелу Еўропы на сферы ўплыву. Мы не можам патураць легендзе пра тое, што Расія валодае нейкім статутам панавання, які заціскае суверэнныя правы яе суседзяў. Такая была галоўная мэта расійскага канфлікту з Грузіяй, і мы павінны рашуча яе адпрэчыць, ужыўшы прынцып еўрапейскай палітыкі – якім бы недарэчным для нашых адносін гэта не здалося ў кароткатэрміновай перспектыве”.

Фота: Коммерсант

*** Матэрыял падрыхтаваны для штодзённай рубрыкі "Еўрафокус", якая выходзіць у межах праграмы "Еўразум"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі