Мадонна сыграла вулічны канцэрт у Парыжы
Пасля свайго шоў у Bercy Аrena 9 снежня, Мадонна зладзіла імправізаваны вулічны акустычны канцэрт у цэнтры Парыжа. Ён быў прысвечаны загінулым падчас тэрарыстычнай атакі ў французскай сталіцы 13 лістапада. Пра гэта паведамляе NME.
"Усім зразумела, чаму мы тут, — звярнулася да мінакоў спявачка, якая прыехала на плошчу Рэспублікі разам з гітарыстам Монтэ Пітманам і сваім 10-гадовым сынам Дэвідам. — Мы проста хочам заспяваць некалькі песень пра мір, проста каб распаўсюдзіць любоў і радасць, каб засведчыць нашу павагу да тых, хто загінуў тут амаль чатыры тыдні таму. І каб распаўсюдзіць святло - мы ўсе маем патрэбу ў ім".
Падчас вулічнага выступу Мадонна выканала дзве сваіх песні — "Ghosttown" і "Like A Prayer" і кавер на твор Джона Ленана "Imagine".