Магіляўчанку аштрафавалі за подпіс у пратаколе

Магіляўчанку аштрафавалі за подпіс у пратаколе

26 красавіка суддзя Кастрычніцкага суда Магілёва Наталля Крашкіна аштрафавала магіляўчанку Марыю Войнаву за роспіс у пратаколе. Дзяўчыну прызналі вінаватай у "распаўсюдзе прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць", паведамляе праваабарончы ТГ-канал MAYDAY.

Напрыканцы сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі з дзяўчынай "прафілактычную гутарку" наконт недапушчальнасці дзеянняў, якія парушаюць заканадаўства. Потым ёй далі бланк афіцыйнага папярэджання, дзе Войнава распісалася. 

Магіляўчанка пакінула на бланку той жа подпіс, што і ў яе пашпарце, атрыманым 12 гадоў таму. А ў тым подпісе можна пабачыць абрэвіятуру з 4 літар і 4 кропак, якую часта расшыфроўваюць як крытыку супрацоўнікаў паліцыі ("копаў"). У 2018 годзе гэтая абрэвіятура была ўнесеная ў Беларусі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Праз два тыдні пасля "прафілактычнай гутаркі" Войнаву выклікалі да ўчастковага, дзе яе чакалі супрацоўнікі 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС Фурманаў і Захараў. Чатыры гадзіны яны задавалі дзяўчыне розныя пытанні, а потым склалі на яе адміністрацыйны пратакол.

На судзе 26 красавіка магіляўчанка заявіла, што пасля пратаколу перастала так распісвацца. Пры гэтым яна дадала, добрыя супрацоўнікі міліцыі ніколі б не палічылі, што абрэвіятура іх закранае. Фурманаў, які выступаў на судзе сведкам, адказаў, што ад распаўсюду гэтай абрэвіятуры "ў інтэрнэце мемасікі гуляюць".

Суддзя аштрафавала Войнаву на 290 рублёў (10 базавых велічыняў).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі