Макей заявіў, што Беларусь і ЗША гатовыя да поўнай нармалізацыі адносін

Макей заявіў, што Беларусь і ЗША гатовыя да поўнай нармалізацыі адносін

Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь і ЗША гатовыя да поўнай нармалізацыі адносін. На думку міністра замежных спраў, краіны цяпер якраз знаходзяцца на этапе "паступальнага пашырэння пазітыўнай атмасферы ў адносінах".

Як інфармуе БелаПАН, 25 красавіка Макей паўдзельнічаў у цырымоніі адкрыцця дошкі ў памяць амерыканскай супрацоўніцы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Рут Уолер у мінскай сярэдняй школе № 130. У ёй узялі ўдзел таксама намеснік генеральнага сакратара ААН Хелен Кларк і часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд.

"Мы павінны глядзець адзін на аднаго не праз зброевыя прыцэлы, а павінны размаўляць, мець адкрыты дыялог, — гаварыў Уладзімір Макей. — Так, дыялог можа быць цяжкім, але мы павінны шукаць кампрамісныя рашэнні тых складаных пытанняў, якія здаюцца непераадольнымі".

Міністр замежных спраў перакананы, што паляпшэнне адносін паміж Беларуссю і ЗША працянецца. "Мы маленькая краіна, і мы разумеем, якую ролю адыгрываюць ЗША ў свеце", — адзначыў Макей.

Скот Роланд, адказваючы на пытанне аб магчымасці вяртання ў Мінск пасла ЗША, адзначыў, што "гэта, вядома, было б вельмі добрым крокам наперад". Ён выказаў спадзяванне, што сёлета гэта можа быць тэмай для абмеркаванняў з Міністэрствам замежных спраў Беларусі.

"Мы працуем над тым, каб у найбліжэйшай будучыні мы мелі магчымасць для паўнавартаснага, поўнафарматнага дыялогу на ўзроўні пасольстваў", — сказаў беларускі міністр.

Як вядома, у сакавіку 2008 года колькасць супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Мінску была скарочаная паводле патрабавання беларускага боку з 35 чалавек да пяці. Гэта адбылося пасля ўвядзення Злучанымі Штатамі санкцый у дачыненні да дзяржканцэрна "Белнафтахім" у сувязі з парушэннямі ў нашай краіне правоў чалавека. Крыху пазней пасол Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў быў адкліканы з Вашынгтона для кансультацый, а Мінск паводле патрабавання беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі