Максім Мірны завяршыў кар'еру гульца

Максім Мірны завяршыў кар'еру гульца

Максім Мірны абвясціў, што спыняе кар'еру гульца. Пра гэта ён паведаміў у адкрытым лісце, апублікаваным на сайце Беларускай тэніснай федэрацыі.

"Я хачу паведаміць сёння, я прыняў рашэнне аб тым, што 2018 год быў маім апошнім сезонам у прафесійнай кар'еры. Гэта было цяжкое для мяне рашэнне, улічваючы, што тэніс з'яўляецца маім жыццём з самага ранняга дзяцінства. Я шчаслівы, што мне ўдалося так доўга атрымліваць асалоду ад гэтай гульні!" — піша Мірны. 

Тэнісіст заяўляе, што выступаючы на асабістых турнірах або гуляючы за краіну, ён заўсёды ставіўся да сваёй прафесіі з высокай ступенню гонару і павагі ды працаваў з поўнай аддачай. "Мне ўдалося дасягнуць нашмат больш, чым малеча з Мінска, Беларусі мог марыць, узяўшы ў руку ракетку", — прызнаецца спартовец.

За падтрымку на сваім спартовым шляху Мірны дзякуе сям'і, а таксама ўсім спецыялістам, з якімі яму давялося працаваць — пачынаючы ад дзіцячых трэнераў Валерыя Лаўрэнава і Аркадзя Эдэльмана са спартовай дзіцяча-юнацкай школы алімпіяйскага рэзерву (СДЮШАР) Мінскага аўтазавода.

Мірны згадаў і пералічыў усіх 100 сваіх партнёраў у парным разрадзе — з 1994 па 2018 год. "З кожным з вас у мяне ёсць што ўспомніць і расказаць, кожны з вас дапамог мне пакласці цаглінку, вялікую ці малую, і пабудаваць маю велізарную кар'ерную сцяну. Дзякуй вам яшчэ раз, хлопцы".

Напрыканцы ліста тэнісіст дзякуе ўсім сваім прыхільнікам: "Вы пасылалі мне сваю любоў і падтрымку. Вы са мной радаваліся перамагаючы, а таксама ўздымалі мяне ў розных кавалачках свету, калі светлая паласа змянялася на цёмную... Вы мне давалі сілы і матывацыю прачынацца і працягваць працаваць. Я буду заўсёды памятаць, як прыемна і адказна выступаць перад вамі — хай гэта будзе на трэніровачным корце альбо пры забітых трыбунах".

Мірны заяўляе, што ён будзе сумаваць па гульні і працягне "пільна сачыць за тэнісам і атрымліваць асалоду ад сваёй улюбёнай прафесіі побач з кортам".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі