Палітвязень Максім Знак вылічыў, калі зможа выйсці на волю

Максім Знак / Еўрарадыё​
Максім Знак / Еўрарадыё​

У зняволенні юрысту штаба Віктара Бабарыкі Максіму Знаку давялося вылічыць дату вызвалення. Пра гэта ён расказаў у лісце да бацькі. Аляксандр Знак апублікаваў гэты аповед на сваёй старонцы ў Facebook.

Дату вызвалення, разам з іншай інфармацыяй, трэба называць падчас дакладу супрацоўнікам. У Знака атрымалася, што на волю — з улікам часу, праведзенага пад следствам — ён выйдзе 17 студзеня 2030 года.

"Ужо не ведаю, навошта пра гэта ўспамінаць зноў і зноў, тым больш што ўсе, хто тут сядзіць, наогул хочуць дадому крыху раней. Бо ёсць дзесьці там, у нарматыўцы, і ўмоўна-датэрміновае, і замена рэжыму, і, вядома, юбілеі Вялікай Перамогі і вызвалення Беларусі з "залатымі амністыямі", ды ці мала чаго", — піша ён.

Па словах Максіма, ён будзе называць 17 студзеня 2030 года, але адначасова "працягваць спадзявацца на тое, што ў гэты светлы дзень" ён прачнецца зусім у іншай абстаноўцы.

Іншых навін, па словах Максіма, у яго пакуль няма.

"Новы год праспалі, у астатні час чуваем, сядзім, выконваем рэжым. Дні праходзяць так займальна, што ўпершыню з моманту вызвалення з карцара я ўсвядоміў, што кожны вечар нецярпліва чакаю адбою", — піша ён.

А вось з харчаваннем, па яго словах, пытанняў няма.

"Калі б Мішлен выпускаў гід па беларускім СІЗА, то мясцовы шэф-кухар 2 СІЗА безумоўна быў бы сярод фаварытаў", — піша Максім. У якасці аргументаў прыводзіць малочныя макароны — "вось прям ражкі ў малацэ, не паразварваныя, а нармальныя", і вялікі кавалак мяса ў супе. На той момант ён па-ранейшаму шмат чытаў — прачытаў "усё, у чым былі літары".

Юрыста Максіма Знака ў верасні 2021 года прысудзілі да 10 гадоў зняволення. Яго абвінавачвалі па трох артыкулах. Гэта "змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады" (ч. 1 арт. 357), "заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны" (ч. 3 арт. 361), "стварэнне экстрэмісцкага фарміравання" (ч. 1 арт. 361-1). Абарона спрабавала абскардзіць прысуд, але беспаспяхова. У пачатку студзеня 2022-га Знака этапавалі ў віцебскую калонію. Праваабаронцы прызналі Максіма Знака палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі