Масква адказвае на арышт у Мінску Баўмгертнера: заняліся "растваральнікамі"
Віцэ-прэм'ер Расіі Аркадзь Дварковіч лічыць, што сітуацыя з затрыманнем гендырэктара "Уралкалія" выглядае неадэкватна.
Расія можа перагледзець шэраг пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва з Беларуссю. Дварковіч адзначае, што здарэнне ў Мінску "не носіць характар партнёрскіх адносінаў".
"У Расіі і Беларусі шырокі спектар адносінаў, у рамках якіх ёсць вялікая колькасць праблемаў, але мы заўсёды імкнулася да выпрацоўкі кампрамісных рашэнняў, — цытуе словы Аркадзя Дварковіча РІА "Новости". — З улікам агульнага характару цяперашняй сітуацыі, вымушаныя больш уважліва і сур'ёзна паглядзець на шэраг пытанняў".
Урад Расіі ўважліва сочыць за сітуацыяй з затрыманнем у Беларусі гендырэктара "Уралкалія", заявіў Дварковіч. Ён нагадаў, што Баўмгертнер прыбыў у Мінск на запрашэнне беларускага прэм'ера Міхаіла Мясніковіча ды адзначыў, што "расійскі ўрад не меў ніякіх адносінаў да ўзніклага скандалу".
Паводле слоў намесніка старшыні расійскага ўраду, праваахоўныя органы Расіі працягваюць вывучаць матэрыялы па пастаўках у 2011-2012 гадах нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў з Беларусі ў "трэція краіны". "Выкарыстанне дадзенай схемы экспарту нанесла страты бюджэту Расійскай Федэрацыі, якія складаюць мільярды долараў ЗША, — цытуе словы Аркадзя Дварковіча "Интерфакс-Запад". — Не выключаю, што ў выпадку пацвярджэння фактаў праваахоўнымі органамі будзе пастаўленае пытанне аб прыцягненні асобаў да адказнасці, незалежна ад іх грамадзянства".
Ясін: Скарачэнне паставак нафты і праблемы з малаком — гэта толькі пачатак
На здымку: віцэ-прэм'ер Аркадзь Дварковіч і прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў. Фота — tv.oil-gas.ru