Уладзімір Сямашка правёў у Маскве перамовы з кіраўніком "Газпрама"
Беларуская дэлегацыя ў сераду спрабавала вырашыць у расійскай сталіцы цэлы шэраг праблемных пытанняў.
Першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка (на здымку) 26 лістапада правёў перамовы ў Маскве з расійскім віцэ-прэм'ерам Аркадзем Дварковічам. Гаворка ішла пра рэалізацыю і перспектывы беларуска-расійскіх інтэграцыйных праектаў. У прыватнасці, былі закранутыя пытанні развіцця супрацоўніцтва ў нафтахімічнай прамысловасці, абмяркоўваліся пастаўкі ў Расію беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, інфармуе БЕЛТА.
Нагадаем, нядаўна Расія ўвяла часовую забарону на пастаўкі прадукцыі прыблізна 20 беларускіх малака- і мясакамбінатаў, а таксама на транзіт праз Беларусь у Казахстан тавараў з краін Еўрасаюза, што трапляюць пад расійскія санкцыі. Які вынік перамоваў Сямашкі і Дварковіча, пакуль невядома.
У сераду першы віцэ-прэм'ер Беларусі сустрэўся ў Маскве са старшынёй праўлення "Газпраму" Аляксеем Мілерам. Абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва ў газавай сферы, найперш пастаўкі газу ў Беларусь і яго транзіту праз тэрыторыю нашай краіны ў 2015-2017 гадах. Было адзначана, што новыя кантракты "знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасці".
На сустрэчы ішла гаворка і пра актыўны ўдзел "Газпраму" ў "сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі".
Фота — ria.ru