МАЗ лідзіруе ў ралі "Дакар": хто гэтыя героі і на чым яны ўсіх абагналі

vk.com/mazsportauto
vk.com/mazsportauto

Звычайна студзень мала чым можа парадаваць беларускіх спартыўных заўзятараў. За традыцыйным "Калядным турнірам па хакеі" СМІ сочаць, але ёсць адчуванне, што перамогам каманды Лукашэнкі ў ім радуюцца толькі ўдзельнікі каманды Лукашэнкі.

Аднак пачатак 2020 года — выключэнне: ужо некалькі дзён каманда "МАЗ-СПОРТаўта" лідзіруе ў агульным заліку грузавікоў ралі "Дакар", якое праходзіць у пясках Саудаўскай Аравіі. Гэта ўпершыню за ўвесь час удзелу! Здаецца, у Беларусі з'явіліся новыя спартыўныя героі.

Што наогул такое гэты "Дакар"

“Дакар-2020” праходзіць з 5 да 17 студзеня ў Саудаўскай Аравіі. У гонцы 12 этапаў. Працягласць маршруту складае каля 8 тысяч кіламетраў, прычым пясчаныя і камяністыя спецучасткі цяпер цягнуцца рэкордныя 5 тысяч км. У гонцы бяруць удзел больш за 350 экіпажаў з усяго свету. З іх 46 стартавалі ў класе грузавікоў.

А што, раней МАЗ не ўдзельнічаў у "Дакары"?

Каманда "МАЗ-СПОРТаўта", заснаваная ў 2010 годзе, на "Дакар" упершыню трапіла ў 2012-м. Аднак зорак з неба не хапала да 2018-га.

Ралі тады праходзіла па краінах Паўднёвай Амерыкі. Беларусы былі ў тройцы лідараў, пачынаючы з трэцяга этапу. Але тады МАЗ Сяргея Вязовіча зваліўся з пяціметровай выдмы і перакуліўся на бок.

Гэтая і іншыя цяжкасці на марафоне не перашкодзілі Вязовічу заняць ганаровае другое месца.

У 2019 годзе экіпаж Сяргея Вязовіча заняў 6-е месца. Атрымліваецца, "серабро" — пакуль што найлепшы вынік беларусаў на "Дакары". Пакуль што.

Колькі беларускіх экіпажаў удзельнічае ў гонцы?

Беларуская каманда на цяперашняй гонцы прадстаўлена трыма грузавікамі, адзін з якіх капотны. Менавіта на ім экіпаж Сяргея Вязовіча і вылучыўся ў пачатку гонкі.

МАЗ лидирует в ралли “Дакар”: кто эти герои и на чём они всех обогнали
Сяргей Вязовіч, vk.com/mazsportauto

Сяргею Вязовічу 40 гадоў. З 2003 да 2009 года ён працаваў на МАЗе ў транспартным цэху. Ралійную кар'еру пачаў у 2010 годзе — але не на грузавіках. У 2011-м, у дэбютны год удзелу, яго экіпаж на Subaru Impreza стаў абсалютным чэмпіёнам Беларусі.

Пазней Вязовіч вярнуўся на МАЗ, але ўжо ў якасці спартсмена. Ён кіруе камандай "МАЗ-СПОРТаўта" з 2016 года і паралельна з'яўляецца пілотам асноўнага экіпажа.

Два астатнія мазаўцы — Аляксандр Васілеўскі і Аляксей Вішнеўскі — пакуль што на 10-м і 14-м месцах адпаведна. Функцыя іх экіпажаў хутчэй дапаможная: выцягнуць, напрыклад, грузавік Сяргея Вязовіча з выдмы, калі той зноў перакуліцца.

Ці ёсць у нас шанцы на перамогу?

Сёлета з-за боляў у пазваночніку — традыцыйнай хваробы ўдзельнікаў ралі — не ўдзельнічае француз Жэрар дэ Рой, пераможца "грузавога" "Дакара" 2012 і 2016 гадоў ад каманды Iveco. Адсутнасць моцнага саперніка павышае нашы шанцы, аднак пагрозы Беларусі (не ўпершыню) варта чакаць з усходу.

Расіяне дамінуюць на "Дакары" апошнія 20 гадоў: з 2000 года атрымалі 15 перамог! І цяпер "сядзяць на хвасце" ў беларуса менавіта экіпажы на КамАЗах.

Капотны грузавік — наш козыр?  

МАЗ лидирует в ралли “Дакар”: кто эти герои и на чём они всех обогнали
vk.com/mazsportauto

МАЗ-6440RR — першы айчынны спартыўны "капотнік" — быў прадстаўлены ў канцы 2018-га. Кампанія адразу заявіла пра яго як пра флагман сярод сваіх спартыўных грузавікоў. І пакуль што ён адпавядае гэтым заявам. У 2019-м аўтамабіль паўдзельнічаў у ралі-спаборніцтве "Шаўковы шлях", маршрут якога праходзіў па Расіі, Манголіі і Кітаі. І хоць заняць прызавыя месцы ў беларускай каманды тады не выйшла, тэхнічна навінка МАЗа стала самай хуткай сярод грузавікоў на гэтых гонках.

Хварэем за нашых!

7 студзеня трэці этап ралі праходзіў у ваколіцах горада Неом. Спецучастак, на якім сустракаліся каньёны і горы, расцягнуўся на 427 кіламетраў. Вязовіч фінішаваў другім за 4 гадзіны і 4 хвіліны. Хутчэйшым за беларусаў амаль на 5 хвілін быў расіянін Андрэй Каргінаў на КамАЗе. Аднак з-за ўдалых фінішаў у першыя два этапы Вязовіч захоўвае лідарства ў агульным заліку грузавікоў.

У чацвёрты дзень, 8 студзеня, удзельнікі ралі-рэйду дабяруцца да горада Аль-Ула. Працягласць спецучастка для грузавікоў складзе 453 кіламетры. Маршрут уключае як пясчаныя ўчасткі, так і жвіровыя дарогі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі