Меркель абяцае Літве падтрымку ў пытанні высокіх стандартаў бяспекі на БелАЭС

Меркель абяцае Літве падтрымку ў пытанні высокіх стандартаў бяспекі на БелАЭС

Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель абяцае Літве падтрымку ў пытанні бяспекі Беларускай АЭС, якая будуецца ў Астраўцы. Такая заява прагучала 23 лютага пасля сустрэчы Меркель з літоўскім прэм'ерам Саўлюсам Сквярнялісам у Берліне. Аднак пра магчымую блакаду гэтай станцыі ў маштабе Еўрасаюза Меркель не сказала нічога.

"Мы з боку Нямеччыны абавязкова пастараемся назіраць, каб там былі высокія стандарты. Не важна, ці знаходзішся ты непасрэдна па суседстве — з часоў Чарнобыля мы ведаем, што бяспека атамных станцый вельмі важная", — цытуе ru.delfi.lt словы кіраўніцы нямецкага ўраду.

На думку Меркель, павысіць узровень бяспекі БелАЭС можна праз наведванне станцыі міжнароднымі інспектарамі. Таксама яна прапанавала ўзняць гэтае пытанне ў міжнародных адносінах, у тым ліку ў дыялогу з Расіяй. Пра блакаду паставак з Беларускай АЭС, якую прапаноўваюць у Літве, Меркель не сказала нічога.

Пасля сустрэчы з нямецкай канцлеркай Сквярняліс выказаў надзею, што Нямеччына дапаможа ўключыць пытанне пра Беларускую АЭС у парадак дня адносін ЕС і Беларусі. 

Як паведамлялася раней, Літва актыўна пратэстуе супраць будаўніцтва Беларускай АЭС каля Астраўца, за 50 км ад Вільні. У заявах літоўскіх палітыкаў і спецыялістаў пастаянна выказваецца сумнеў у бяспецы гэтай атамнай станцыі. Тым часам беларускія ўлады запэўніваюць, што будаўніцтва ідзе з захаваннем высокіх стандартаў бяспекі. 

Літва прапаноўвала накласці эмбарга на пастаўкі электраэнергіі з Беларускай АЭС. Але ў гэтым яе не падтрымалі нават бліжэйшыя суседзі кшталту Эстоніі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі