Мінабароны правярае часці, дзе раней былі крымінальныя справы за дзедаўшчыну
Прэс-служба Мінабароны абвясціла, што ведамства правярае вайсковыя спалучэнні і часці, у якіх раней былі распачатыя крымінальныя справы за нестатутныя адносіны. Да "вывучэння адносінаў унутры калектыва вайскоўцаў" прыцягнутыя праваахоўнікі і Камітэт салдацкіх матуляў. Праверка праводзіцца "з мэтай прафілактыкі парушэнняў статутных правілаў узаемаадносінаў" і "забеспячэння бяспекі ваеннай службы".
Верагодна, праверкі звязаныя са смерцю ў вайсковай часкі №43064 пад Барысавам 21-гадовага салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. 3 кастрычніка яго знайшлі павешаным у сутарэннях медыцынкай роты. Следчы камітэт заявіў, што слядоў гвалту на целе няма, але працягвае правяраць тры версіі гібелі Коржыча, сярод якіх ёсць і забойства.
Смерць Сашы Коржыча выклікала шквал публікацый у СМІ. Пасля таго, як матуля загінулага салдата распавяла пра дзедаўшчыну ў яго роце, журналісты і Следчы камітэт звярнулі ўвагу на яшчэ некалькі гісторыяў загадкавых смерцяў у беларускім войску.
Ваеннае ведамства нагадвае пра загад Міністра абароны № 1 ад студзеня 2015 года, які патрабуе прымаць жорсткія захады ў дачыненні да службовых асобаў, якія ўтойвюць правапарушэнні ці не рэагуюць на іх своечасова.
"Шэраг злучэнняў і вайсковых часцей ўжо правераныя камісіямі Міністэрства абароны падчас мерапрыемстваў, прадугледжаных планам падрыхтоўкі Узброеных сілаў", — зазначаецца ў паведамленні прэс-службы Мінабароны.