Мінгарвыканкам не дазволіў канцэрт гурта RSAC — нізкі мастацкі ўзровень

Мінгарвыканкам не дазволіў канцэрт гурта RSAC — нізкі мастацкі ўзровень

У Мінску адменены канцэрт гурта RSAC, які мусіў адбыцца 12 траўня ў прасторы Squat. Мінгарвыканкам адмовіўся выдаць гастрольнае пасведчанне музыкам, піша tut.by

Арганізатар канцэрту, індывідуальны прадпрымальнік Іван Канявега распавёў, што Мінгарвыканкам палічыў "нізкім" мастацкі ўзровень гурта. Гэта і стала падставай для адмовы.

"Мае калегі вазілі артыстаў па шэсць гадоў, а на сёмы год ім адмаўляюць з-за "нізкага мастацкага ўзроўню". Гэта значыць шэсць гадоў (з той жа праграмай выступу) у гурта быў нармальны мастацкі ўзровень, а цяпер нізкі", — абураецца Канявега.

Арганізатар прызнае, што ў творах RSAC ёсць нецэнзурная лексіка, але не лічыць, што гэта перашкаджае дарослым людзям слухаць такую музыку: "У песнях няма мату-перамату, як, напрыклад, у песнях FACE. У цэлым, так, мацюкі ёсць. Але я ж не ў дзіцячы сад іду паказваць гэтую праграму. Тым больш мы не збіраем вялікую залу. Гэта артыст, да якога прыйдуць толькі яго прыхільнікі".

Дарэчы, саліст RSAC Фелікс Бондараў ужо прыязджаў у Мінск, хоць і ў складзе іншага гурта. Па словах арганізатара, тады былі "больш праблемныя" тэксты, але ніхто з чыноўнікаў "нізкага мастацкага ўзроўню" тады не пабачыў.

Нагадаем, на мінулым тыдні ў Мінску пасля праверкі Генпракуратуры адмянілі канцэрт рэпера Элджэя. Да гэтага адмянілі канцэрт FACE, Schokk і іншых выканаўцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі