Мінгарвыканкам вырашыў не будаваць шматпавярховікі ў двары дамоў "Брама горада"
Мінгарвыканкам адмоўвіўся ад ранейшага рашэння пра будаўніцтва шматпавяховых дамоў у дварах так званай "Брамы горада" каля вакзала. У лісце ад 8 верасня за подпісам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Віктара Лапцева гаворыцца пра "немэтазгоднасць будаўніцтва шматкватэрных жылых дамоў на тэрыторыі ў межах вуліц Кірава, Свярдлова, Ульянаўскай, Бабруйскай".
Пра гэта агенцтву БелаПАН распавёў каардынатар грамадскай кампаніі "Генплан — для мінчукоў!" Дзяніс Кобрусеў. Ліст атрымала ініцыятыўная група мінчукоў, якая змагаецца супраць ушчыльнення квартала.
14 верасня ініцыятыўная група накіравала ў Мінгарвыканкам і Адміністрацыю прэзідэнта зварот. У ім патрабавалася адмяніць праект дэталёвага планавання ў гэтымх квартале, зацверджаны ў 2008 годзе. зварот падпісалі 265 жыхароў. Яны адзначылі, што гэтыя "праектныя рашэнні не адпавядаюць горадабудаўнічай дакументацыі вышэйшага ўзроўню". Таксама адзначалася неабходнасць распрацоўкі новай горадабудаўнічай дакументацыі. У двары "Брамы горада" яны прапаноўваюць адкрыць спартовую школу алімпійскага рэзерву для дзяцей.
Фота: nemiga.info