Міністр: Падатку на багацце ў Беларусі пакуль не будзе (відэа)
Пра гэта заявіў міністр па падатках і зборах Уладзімір Палуян.
Як вядома, гаворкі пра магчымасць увядзення такога падатку ідуць у нашай краіне ўжо некалькі гадоў. Міністэрства па падатках і зборах неаднаразова заяўляла, што планаў такіх няма. Да таго ж, чыноўнікі баяцца, што заможныя людзі пачнуць хаваць свае даходы, і спасылаюцца на замежны досвед.
Падчас анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА ў міністра па падатках і зборах Уладзіміра Палуяна ў чарговы раз запыталі: будзе падатак на багацце ці не. Вось што ён сказаў:
"Што датычыць падатку на багацце, такое пытанне мы не ініцыявалі. І я не чуў, каб хтосьці ў нас у краіне яго ініцыяваў... Сэнсу пакуль уводзіць дадзены падатак я не бачу".
Палуян падкрэслівае: у краінах Мытнага саюзу такога падатку няма. Да таго ж, ён лічыць, што падаходны падатак на сённяшні дзень збіраецца ў Беларусі "дастаткова добра". Таму пакуль ніякіх зменаў не будзе.
Фота — Fotolia