Мінскае "Дынама" абыграла "Ёкерыт" па булітах
7 лютага ў хатнім матчы чэмпіянату КХЛ хакеісты мінскага "Дынама" па булітах выйгралі ў аднаго з лідараў Заходняй канферэнцыі фінскага "Ёкерыта" — 3:2 (0:0, 1:1, 1:1, 0:0, буліты — 1:0).
Пераможцу ў сустрэчы ў асноўны час вызначыць не ўдалося — 2:2. Па адной шайбе ў браму фінаў забілі Аляксей Калюжны (у другім перыядзе) і Пол Шчыхура (у трэцім). Авертайм таксама не прынёс зменаў у лік.
Толькі ўдар Дзмітрыя Мялешкі падчас серыі булітаў дапамог мінскаму клубу атрымаць перамогу.
Для таго, каб выйсці ў плэй-оф КХЛ, дынамаўцам трэба атрымаць дзве перамогі ў асноўны час. Акрамя таго, трэба, каб клуб "Слован" за тры матчы не атрымаў ніводнага ачка.
У "Дынама" засталіся наперадзе два хатнія матчы: 16 лютага — з маскоўскім "Спартаком", 18-га — з ніжагародскім "Тарпеда". Адставанне дынамаўцаў ад "Слована", які займае восьмае месца, у зоне плэй-оф складае шэсць ачкоў.