Мінскае "Дынама" прасіла перанесці матчы, але КХЛ адмовіла
Мінскае "Дынама" хацела "з-за няпростай сітуацыі" перанесці два гасцявыя матчы, але КХЛ адмовіла. Пра гэта ў чацвер на пасляматчавай прэс-канферэнцыі распавёў выканаўца абавязкаў галоўнага трэнера дынамаўцаў Павел Перапехін. Яго каманда прайграла ў Ніжнім Ноўгарадзе мясцоваму "Тарпеда" (0:4) — гэта трэцяе паражэнне запар у чэмпіянаце КХЛ.
"Мы звярталіся, але нам не пайшлі насустрач", — цытуе словы Перапехіна прэс-служба "Дынама".
Днямі галоўны трэнер Крэйг Вудкрафт заявіў, што ў камандзе вірус. "Цяпер мы змагаемся з хваробай, якая ў нас ёсць у камандзе", — прызнаўся ён на прэс-канферэнцыі, на якой кашляў. Прэс-служба клуба заявіла, што ўсе хакеісты здавалі тэсты на COVID-19 і яны адмоўныя. Аднак у часткі з іх было кепскае самаадчуванне, і іх не маглі выкарыстаць у гульні. Не паехаў на гасцявыя матчы ў Расію і Вудкрафт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.