Мінздароўя плануе абмежаваць бясплатную медыцыну для часткі беларусаў

Платнымі хочуць зрабіць, у прыватнасці, планавыя аперацыі / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Платнымі хочуць зрабіць, у прыватнасці, планавыя аперацыі / ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Міністэрства аховы здароўя прапрацоўвае пытанне абмежавання бясплатнай медыцыны для незанятых у эканоміцы (так званых "дармаедаў"), а таксама грамадзян Беларусі, якія пастаянна пражываюць за мяжой. Платнымі для іх хочуць зрабіць, у тым ліку, планавыя аперацыі. Пра гэта ў эфіры СТВ заявіла першая намесніца міністра аховы здароўя Алена Краткова.

Вядоўцы праграмы заявілі, што "можа, час гэтую лавачку прыкрываць", калі беларусы, "пражываючы ў іншай краіне, марнуючы грошы там, прыязджаюць у Беларусь, каб атрымаць медыцынскую дапамогу бясплатна".

Паводле слоў Кратковай, у цяперашні момант якраз ідзе прапрацоўка тых відаў медыцынскай дапамогі, якія мяркуецца ўсё ж зрабіць платнымі для суграмадзян, што не ўдзельнічаюць у падаткаабкладанні. Пры гэтым экстраная дапамога, паводле яе слоў, у любой сітуацыі будзе аказвацца бясплатна. А вось за стаматалагічныя паслугі і планавыя аперацыі ў будучыні частцы беларусаў, імаверна, давядзецца заплаціць. "Таму што мы шмат гаворым пра гэта, але мы не ўяўляем, у якія грошы абыходзіцца дзяржаве ахова здароўя, на 2022 год гэта складае каля 4,5% ВУП", — патлумачыла дзяржаўную пазіцыю Краткова.

Раней права на бясплатную ахову здароўя для ўсіх грамадзян было замацаванае ў Канстытуцыі краіны. Аднак пасля чарговага рэферэндуму, які правялі ў лютым 2022 года, у грамадзян засталося толькі права на ахову здароўя, у тым ліку бясплатнае лячэнне за кошт дзяржаўных сродкаў, але толькі "ў парадку, устаноўленым законам".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі