“Мне патрэбнае адчуванне свабоды”. Мінскага айца Аляксандра адлучылі ад службы
Іерэю Свята-Міхайлаўскага праваслаўнага прыхода ў мінскім Сухараве Аляксандру Шрамко забаранілі праводзіць набажэнствы. 15 кастрычніка бацюшку, апранутага для літургіі ў мінскім храме ў гонар Усіх Святых (яго мусіў асвячаць патрыярх Кірыл), папрасілі пакінуць цырымонію. Маўляў, ёсць вусная забарона мітрапаліта Паўла на яго прысутнасць, а ў аўторак 17 кастрычніка (гэта заўтра) у 11:00 айца Аляксандра чакаюць у Мінскім епархіяльным упраўленні БПЦ.
Забарона можа быць звязаная з тым, што напярэдадні Аляксандр Шрамко разам з іншымі святарамі ўдзельнічаў у сустрэчы патрыярха Кірыла ля Свята-Духава сабора. 14 кастрычніка айцец Аляксандр фатаграфаваў і публікаваў у “Фэйсбуку” фота аўтамабіля, на якім прыехаў Кірыл, дываноў, якія паслалі ў яго гонар, і святароў з рацыямі. Аляксандр раскрытыкаваў паводзіны патрыярха: Кірыл праігнараваў вернікаў, якія некалькі гадзін чакалі яго ля царквы.
“Гэта стандартная забарона ў свяшчэннаслужэнні. Гэта значыць, што святар не можа насіць крыж і расу, не мае права бласлаўляць і выконваць набажэнствы. Ён можа толькі маліцца і прыходзіць у царкву, як звычайны чалавек”, — тлумачыць у размове з Еўрарадыё айцец Аляксандр.
Аляксандр Шрамко распавядае, што з ім шмат народу размаўляла, у тым ліку і людзі з аховы патрыярха. Кажуць, што патрыярх “моцна закрануты”.
“Магчыма, і не варта было гэта пісаць, але я ведаю, што калі б не тое было, то іншае. Я заўсёды хаджу па краі, і бывае так, што дзесьці і пераступіш гэты край, — кажа Аляксандр Шрамко. — Зусім заходзіць у нешта глухое, што я не буду нічога пісаць, нічога казаць, я так не магу. Мне патрэбнае адчуванне свабоды, і я не магу ад гэтага адмовіцца”.
Гэта не першая забарона ў служэнні для айца Аляксандра. Ён быў адлучаны ад працы святаром у 2007-2009 гадах з-за ўдзелу ў кампаніі аб пераглядзе закона пра свабоду сумлення. Шрамко мяркуе, што тады забарона зыходзіла ад дзяржавы.
У 2009 годзе айцец Аляксандр быў прыняты ў клір Свята-Міхайлаўскага прыходу ў Сухараве. Праўда, за смелыя выказванні ў “Фэйсбуку” бацюшку не аднойчы папярэджвалі і выклікалі на размову з вышэйшым царкоўным чынавенствам.
Па словах праваслаўнага тэолага Наталлі Васілевіч, вусна забараніць святару праводзіць набажэнствы нельга. Любая забарона мусіць быць абгрунтаваная згодна з царкоўнымі правіламі:
“Для мяне гэта сведчыць пра тое, што кіраўніцтва праваслаўнай царквы цяпер знаходзіцца ў істэрычным стане, і гэтае рашэнне па забароне служэння айцу Аляксандру таксама істэрычнае. У праваслаўнай царкве ёсць каноны, ёсць працэдуры, і такія рашэнні прымаюцца згодна з працэдурамі. Кіраўнік не можа сказаць: “Сыходзь, ты тут не працуеш”. Думаю, рашэнне пра пакаранне айца Аляксанлра ўжо прынятае, але фармулёўкі пакуль няма, бо цяпер чынавенства занятае сінодам”.
13-15 кастрычніка ў Мінску знаходзіцца з візітам патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. 15 кастрычніка ён бярэ ўдзел у сінодзе РПЦ.