“Мотавела” — банкрут. Што будзе далей са славутымі роварамі?

“Мотавела” — банкрут. Што будзе далей са славутымі роварамі?

Эканамічны суд Мінска прызнаў ААТ "Мотавела" банкрутам. Каб пагасіць запазычанасць завода перад крэдыторамі, адкрытая ліквідацыйная вытворчасць. У бліжэйшы час маёмасць прадпрыемства распрададуць. Ліквідацыя павінна завяршыцца да 20 снежня.

У Мінску ёсць некалькі ААТ і ТАА, якія ў сваіх назвах спалучаюць “мота-” і “вела-”. Разбіраемся, хто ёсць хто ў гэтым клубку, як яны звязаныя паміж сабой і ці захаваецца вытворчасць славутых мінскіх ровараў і матацыклаў?

ААТ "Мотавела"

(Банкрут)

Знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі. Антыкрызісны кіраўнік — Вольга Рачко. Апошнія тры гады былі не лепшымі ў гісторыі прадпрыемства. У 2015 годзе быў арыштаваны асноўны інвестар і дырэктар "Мотавела" Аляксандр Мураўёў. Вярнуўшы завод сабе, улады прызначылі дырэктарам былога кіраўніка Мінска  Мікалая Ладуцьку.

Праз два гады, у чэрвені 2017 года, ён падаў заяву на банкруцтва "Мотавела". І вось, у красавіку 2018 прадпрыемства канчаткова прызнанае банкрутам, і падлягае ліквідацыі. Першыя таргі могуць адбыцца ўжо ў жніўні.

Пацыент хутчэй мёртвы, чым жывы

Асноўная дзейнасць ААТ "Мотавела" здача ў арэнду вытворчых плошчаў. Арандатарамі з'яўляюцца больш за 170 кампаній. На прадпрыемстве працуюць каля ста чалавек.

З 2016 па 2018 гады кампанія была устойліва неплацежаздольнай. Крэдыторы прынялі рашэнне аб рэалізацыі маёмасці “Мотавела” трыма комплексамі:

"Будуць цалкам прадавацца тры асобныя аб'екты: у Мінску, сельскагаспадарчае прадпрыемства ў вёсцы Лесіна і дзіцячы аздараўленчы лагер, — тлумачыць Вольга Рачко. — Будзе праведзены аўдыт гэтых маёмасных комплексаў. Пасля спіс актываў зацвердзяць крэдыторы. І, нарэшце, адбудуцца адкрытыя таргі. Калі комплексы не будуць рэалізаваныя, дык, у адпаведнасці з заканадаўствам, мы можам прапанаваць іх крэдыторам ў кошт пагашэння запазычанасці. Але, будзем спадзявацца, што маёмасць будзе рэалізаваная, а крэдыторская запазычанасць максімальна пагашаная".

Цікавая сітуацыя: цэхамі і станкамі валодае банкрут ААТ "Мотавела", а вырабляе на іх ровары і матацыклы ТАА "Мотавелазавод".

 

ТАА "Мотавелазавод"

(цяперашні вытворца матацыклаў і ровараў)

Прадпрыемства з'явілася ў 2015 годзе, яго заснавальнікамі выступілі “Мінск-Арэна” і вопытна-механічны завод, галоўным акцыянерам якога з'яўляецца Мінгарвыканкам. Гэта адбылося неўзабаве пасля затрымання Аляксандра Мураўёва, які на той момант быў адным з уладальнікаў "Мотавела".

Дырэктар — Мікалай Ладуцька, які быў і дырэктарам ААТ "Мотавела". Па яго словах, ТАА "Мотавелазавод" — правапераемнік дзейнасці ААТ "Мотавела" па вырабе матацыклаў і ровараў, а не абавязальніцтваў. То бок, Ладуцька адхрысціўся ад прадпрыемства, кіраўніком якога быў да банкруцтва.

Па словах прадстаўніка ТАА "Мотавелазавод", яны не маюць ніякіх юрыдычных сувязей з ААТ "Мотавела", акрамя арэнды. Цяпер ТАА “Мотавелазавод” арэндуе ААТ "Мотавела" некалькі вытворчых цэхаў. Там вырабляюцца каля 80 відаў ровараў і 3 мадэлі матацыклаў.

Вытворчыя плошчы ААТ “Мотавела” будуць прададзеныя адным комплексам. Так чыноўнікі спадзяюцца захаваць вытворчасць славутых мінскіх ровараў і матацыклаў.

"Тут трэба адрозніваць "Мотавела" і "Мотавелазавод". У "Мотавела" асноўная дзейнасць арэнда. Але і ўся маёмасць належыць яму. У той сітуацыі, якая склалася, адзіным варыянтам была рэалізацыя маёмасных комплексаў, каб захаваць іх мэтавае прызначэнне і вытворчыя плошчы. Таму яны ў Мінску будуць рэалізоўвацца без змены свайго прызначэння. А "Мотавелазавод" займаецца вытворчасцю матацыклаў і ровараў", — працягвае Вольга Рачко.

Таму не трэба здзіўляцца, калі вытворчы комплекс у Мінску адыдзе маладому і перспектыўнаму "Мотавелазаводу" пад кіраўніцтвам дасведчанага кіраўніка Мікалая Ладуцькі. Першыя таргі могуць адбыцца ўжо ў жніўні.

СЗАТ "Мінск-Мота"

(былы афіцыйны дыстрыб'ютар ААТ "Мотавела", банкрут)

Яшчэ ёсць і такое прадпрыемства. Але і яно — банкрут: рашэнне Эканамічнага суд Мінска пра гэта прынятае 10 лютага 2017 года.

Антыкрызісны кіраўнік — Максім Капусцін. Цяпер ідзе рэалізацыя маёмасці для пагашэння запазычанасцяў. Пасля прадпрыемства будзе ліквідаванае.

"Пакуль уся маёмасць не будзе распрададзеная, тэрмін ліквідацыі будзе працягвацца, — мяркуе антыкрызісны кіраўнік Максім Капусцін. — Уся маёмасць прадпрыемства — гэта матацыклы і запчасткі да іх".

У маёмасці "Мінск-Мота" цяпер засталіся матацыклы на суму 652,8 тысячы рублёў, а таксама запчасткі і камплектуючыя на суму 1,33 млн рублёў.

 

Выратаваць нельга ліквідаваць

Антыкрызісная кіраўнік "Мотавела" ўпэўненая, што калі б вытворчасць атрымалася захаваць, дык у прадпрыемства былі б іншыя варыянты, акрамя ліквідацыі:

"Вядома, калі б "Мотавела" займалася вытворчасцю, то тады можна было б шукаць варыянты санацыі і распачаць усе меры для захавання і аздараўлення прадпрыемства. Але паколькі тут асноўная дзейнасць — арэнда, дык лепшае, што можна зрабіць, — прывесці інвестара, які захавае вытворчасць, бо аналіз фінансавага стану паказаў, што прадпрыемства устойліва неплацежаздольнае. У дадзены момант самым аптымальным варыянтам была ліквідацыйная вытворчасць і рэалізацыя маёмасці. Для максімальнага пагашэння крэдыторскай запазычанасці".

Эканамічны суд устанавіў тэрмін ліквідацыі да 20 снежня. Калі ТАА “Мотавелазавод” паспее да гэтага часу выкупіць цэхі, вытворчасць застанецца там, дзе і была.

А калі магутнасці “Мотавела” распрадаць не паспеюць, антыкрызіснае кіраўніцтва будзе хадайнічаць перад судом, каб тэрмін ліквідацыі быў працягнуты. У такім выпадку будучыня мінскіх ровараў выглядае цьмянай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі