Мужчынскую біятлонную зборную Беларусі ачоліў Аляксандр Сыман

У новым сезоне мужчынскую зборную Беларусі па біятлоне будзе ўзначальваць Аляксандр Сыман. Так вырашыў трэнерскі савет Беларускай федэрацыі футбола на паседжанні 4 траўня.

Летась мужчынскую зборную трэніраваў Алег Рыжанкоў, а Сыман кіраваў біятлоннай “маладзёжкай”. І хоць працу Рыжанкова прызналі здавальняючай, яго ўсё ж вырашылі перасунуць на кіраванне моладдзю, а Сымана паставіць кіраўніком дарослай зборнай.

У трэнерскім штабе жаночай каманды ніякіх зменаў не адбылося — старэйшым трэнерам працягне працаваць Фёдар Свобада. Пад яго кіраўніцтвам у сёлетнім сезоне будуць рыхтавацца Дар’я Домрачава, Надзея Скардзіна, Надзея Пірсава, Анастасія Дубарэзава, Ірына Крыўко і Ганна Сола.

Аляксандр Сыман плануе выклікаць на першы падрыхтоўчы збор Юрыя Лядава, Уладзіміра Чапеліна, Дзмітрыя Дзюжава, Рамана Ялетнава, Дзмітрыя Абашава, Віктара Крыўко і Максіма Вераб’я.

Сыман завяршыў спартовую кар’еру ў 2011 годзе. Ён быў срэбраным прызёрам чэмпіяната свету 2001 года ў эстафеце, удзельнічаў у трох Алімпіядах — у 2002, 2006 і 2010 гадах, быў чэмпіёнам Еўропы 2004 года ў спрынце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі