Мы не скарачаем людзей — мы іх аптымізуем!

На "Магілёўхімвалакне" колькасць супрацоўнікаў зменшылі на 300 чалавек. Але на самім прадпрыемстве гэтага не прызнаюць і ўжо некалькі месяцаў хаваюць скарачэнні за “аптымізацыяй кадраў”
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на магілёўскім заводзе "Хімвалакно" скарачаюць людзей. Нібыта, плануецца за 2009 год скараціць 2000 чалавек, і ўжо скарацілі 500 з іх. Еўрарадыё вырашыла праверыць гэтыя звесткі.

На самім заводзе афіцыйна гэтую інфармацыю не пацвердзілі. У аддзеле кадраў на гэтую тэму размаўляць адмовіліся. А намеснік начальніка аддзела ідэалогіі Валянціна Маісеева, сказала Еўрарадыё, што скарачэнняў няма. Ёсць толькі “аптымізацыя кадраў”. Але што гэта такое, не патлумачыла.

Валянціна Маісеева: "Глупствы гэта вам кажуць. Няма скарачэнняў, ёсць толькі аптымізацыя кадраў. А скарачэнняў у нас няма, я вам па-руску кажу".

Працаўнікі ж завода кажуць зусім іншае. Скарачэнні былі і зачынілі нават два прадпрыемствы, якія ўваходзяць у склад вытворчага аб'яднання "Хімвалакно".

Працаўнік завода: "Былі скарачэнні ў пачатку года. Тады зачынілі цалкам цэх ПСВ-1, па вытворчасці сінтэтычнага валакна. Зараз зачыняюць ДМТ-2 па вытворчасці дымецілтэрэфталату. Я там даўно не быў, але кажуць, што зразаюць абсталяванне".

Кіраўнік прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства Міхаіл Дабравольскі пацвердзіў інфармацыю пра скарачэнні. Але, па яго словах, вялікай праблемы няма. Камусьці прапануюць іншую працу ў іншых цэхах з меншым акладам. Хто не пагаджаецца, той сыходзіць па скарачэнні.

Міхаіл Дабравольскі: "Усім прапануецца праца. Калі нехта не хоча, ён проста сыходзіць па скарачэнні ад нас. Калі чалавек гатовы сыйсці, камісія разглядае, мы даем дазвол на скарачэнне. Выплочваем 3+2 і — да пабачэння!".

Цяпер старыя цэха, якім 35-40 гадоў, зачыняюць, а рэсурсы размяркоўваюць на новыя, дзе значны кавалак працы робяць камп'ютары. Чым вытворчасць больш новая, тым менш людзей трэба, кажа Міхаіл Дабравольскі. Таксама падае аб'ём вытворчасці, знікае і патрэба ў некаторых супрацоўніках. Таму стаіць задача “аптымізацыі”. Каля 70% з тых, хто сыходзіць — пенсіянеры, рэшта — моладзь.

Міхаіл Дабравольскі: "Ад пачатку года колькасць працаўнікоў зменшылася чалавек на 300. Гэта ў нас аптымізацыя колькасці ідзе. Пенсіянеры сыходзяць. Задача такая стаіць".

Паводле слоў Дабравольскага, з маладых спецыялістаў на “Хімвалакне” прапанаваць працу могуць толькі слесарам і наладчыкам, а для інжынераў вакансій мала, таму яны і сыходзяць.


Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі