Мясніковіч: Добрая слава “Беларусьфільма” будзе адноўленая
Прэм’ер-міністр Беларусі ўпэўнены, што кінастудыя ўжо выпускае дастаткова добрыя фільмы, пра якія добра адгукаюцца, у тым ліку за мяжой.
Пра гэта ён заявіў журналістам 12 красавіка ў часе ўдзелу ў рэспубліканскім суботніку, інфармуе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу ўраду. Разам са сваімі намеснікамі прэм’ер працаваў на будпляцоўцы комплексу будынкаў і збудаванняў кінастудыі “Беларусьфільм” у Мінску.
“Добрая слава аб кінастудыі, якая была ў савецкі час, будзе ў пэўнай ступені адноўленая. З брэндам “Беларусьфільм” будуць асацыявацца новыя цікавыя фільмы”, — упэўнены Міхаіл Мясніковіч.
Узвядзенне новых будынкаў кінастудыі плануецца завяршыць у першым квартале 2015 года. Пасля рэканструкцыі чакаецца значны прырост аб’ёмаў кінавытворчасці. Выдаткі на рэканструкцыю аб’екта, якія дасягаюць 400 мільярдаў рублёў, плануюць акупіць за пяць гадоў.