Мясніковіч, Ермакова і Пракаповіч атрымалі новыя пасады
Былыя прэм’ер-міністр, старшыня Нацбанка і віцэ-прэм’ер не застануцца без працы.
Міхаіл Мясніковіч, якога 27 снежня адправілі ў адстаўку з пасады кіраўніка ўраду, цяпер стане старшынёй Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу.
Як паведаміў тэлеканал СТВ, прызначэнне экс-прэм’ера на гэтую пасаду ўзгадніў Аляксандр Лукашэнка.
Мясніковіч зменіць па пасадзе старшыні верхняй палаты парламенту Анатоля Рубінава, які ўзначальваў Савет Рэспублікі з траўня 2010 года.
Новую працу атрымала і экс-кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова — цяпер яна будзе старшынёй праўлення банка БелВЭБ. Пятра Пракаповіча, былога віцэ-прэм’ера, паставілі кіраваць БПС-Сбербанкам.
Нагадаем, 27 снежня Лукашэнка адправіў у адстаўку прэм-ер міністра Міхаіла Мясніковіча і кіраўніка Нацбанка Надзею Ермакову. Таксама сваіх пасадаў пазбавіліся 4 міністры і 3 губернатары. Прэм’ер-міністрам Беларусі стаў Андрэй Кабякоў, Адміністрацыю прэзідэнта ачоліў Аляксандр Косінец. Старшынёй праўлення Нацбанка прызначылі Паўла Калаўра. Новыя кіраўнікі прызначаныя ў шэраг міністэрстваў і дзяржаўных структур.
Як мяркуе фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб, адстаўленых чыноўнікаў, у тым ліку прэм’ера і кіраўніка Нацбанка, прынеслі ў ахвяру валютнаму ажыятажу.
“Мяркую, што фінансавая і эканамічная палітыка стратэгічна фарміруецца не Саўмінам і Нацбанкам, і таму ад змены першых асоб гэтых ведамстваў не шмат залежыць. Персаналіі, якія прыйшлі наўзамен, каментаваць складана. Адзінае і відавочнае тое, што на тых, хто сышоў, будзе ўскладзеная фармальная адказнасць за нядаўні ажыятаж і іх прынясуць у ахвяру”, — заявіў Іосуб Еўрарадыё.
Фота: government.by