Мюзікл “Прарок” забралі піцерскія прадзюсары

Паўгода “Прарок” не рэпетавалі, дэкарацыі ляжалі складзенымі ў фурах, але артыстам плацілі заробак. Еўрарадыё даведалася, што стала з першым беларускім мюзіклам, якому абяцалі шалёны поспех, але ён недзе знік Па некаторых звестках, чатыры фуры з дэкарацыямі ўсе пяць месяцаў прастаялі на адным з мінскіх складаў. Рэпетыцый увесь гэты час не было, але артыстам плацілі заробкі.

Акцёр Дзяніс Паршын, які заняты ў мюзікле, распавёў Еўрарадыё, што цяпер у “Прарока” новая каманда кіраўнікоў - уся з Пецярбургу.

Дзяніс Паршын: “Сітуацыя там была дастаткова сур’ёзная са зменай прадзюсараў. Усё гэта было балюча для мюзікла, і цяпер ён знаходзіцца на этапе ўзнаўлення. Уся каманда, якая цяпер працуе з мюзіклам і з намі – яны ўсе з Піцера. Наконт таго, каб гастраляваць у Еўропе нічога, канешне, увогуле невядома. Калі мюзіклу ўдасца да канца ачухацца і падняцца пасля такога стрэсу, то тады будзе бачна”.

Аляксандр Ціхановіч агучыў Еўрарадыё планы “Прарока”. У канцы сакавіка мюзікл едзе ў Пецярбург, потым у Маскву. Што далей – невядома. Ціхановіч настроены аптымістычна, бо ён мяркуе, што за пяць месяцаў без рэпетыцый артысты не забыліся на свае ролі.

Аляксандр Ціхановіч: 26-29 сакавіка ў Піцеры ў нас чатыры спектаклі, потым 5 і 6 красавіка спектаклі ў Маскве. 25 чысла пачынаюцца рэпетыцыі ў Піцеры.

Еўрарадыё: Чым было выклікана такое доўгае зацішша?

Аляксандр Ціхановіч: Змяняўся мэнэджмэнт.

Еўрарадыё: А што рабілі 50 артыстаў і ўсе астатнія?

Аляксандр Ціхановіч: У кожнага ёсць свая нейкая асноўная праца, і гэты час людзі займаліся ёй. Не думаю, што перапынак у праекце камусьці вельмі пашкодзіў. Рэпетыцый не было, зусім ніякіх. Але мы вывучылі гэта адзін раз. Для прафесійнага артыста гэтага цалкам дастаткова для таго, каб сабрацца яшчэ раз на рэпетыцыю, абнавіць у памяці і праспяваць так, як гэта трэба. Гэта тое ж самае, як навучыцца кіраваць машынай: калі вы навучыліся адзін раз, вы будзеце ёй кіраваць.

У кастрычніку мюзікл паказвалі ў Мінску пяць разоў. Тады на прагляд прыцягнулі прадпрыемствы, прадаўшы ім квіткі. Але вялізная зала футбольнага манежу ўсё роўна не была поўнай, таму гледачоў пускалі бясплатна.

Вадзім Таўпянец, прадзюсар “Прарока” на той момант, казаў Еўрарадыё, што ніякай грашовай “аддачы” ён не чакае.

Вадзім Таўпянец:
“Пра тое, каб кампенсаваць, я думаю, гаварыць будзем няхутка. Вось мы робім цяпер пяць спектакляў. У прынцыпе, я раблю іх толькі дзеля дзяцей (я так называю акцёраў). Толькі дзеля таго, каб яны трошкі ўзмужнелі, бо гэта сур’ёзная і складаная пляцоўка, сур’ёзны глядач”.

Тое, што бачылі гледачы восенню, было яшчэ вельмі “сырым” і рассыпалася на часткі. Мы спыталі ў Ціхановіча, ці змянілі мюзікл за гэты час, ці дапрацавалі яго. Няўжо ён паедзе гастраляваць такім, як быў, ды яшчэ і пасля паўгадовага перапынку?

Аляксандр Ціхановіч: “Так, такім і будзе. Ён не можа быць іншым, ён жа не апрацоўваўся яшчэ ні разу”.

Незразумела, на што спадзяецца “Прарок”. Наўрад ці ў дзвюх расійскіх сталіцах будзе дзейнічаць наша схема: навязванне квіткоў арганізацыям. А спектакль, які недарэпетавалі, наўрад ці набярэ вялікую залу Піцерскага лядовага палаца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі