МЗС Беларусі: Мы не мянялі сваю пазіцыю па Украіне ні на ёту

МЗС Беларусі: Мы не мянялі сваю пазіцыю па Украіне ні на ёту

Міністэрства замежных спраў заяўляе, што Беларусь не мяняла сваю сваю пазіцыю па Украіне ні на ёту. Такім чынам дыпламатычнае ведамства пракаментавала сітуацыю з галасаваннем у ААН па "ўкраінскай рэзалюцыі".

Як паведамлялася раней, Беларусь выступіла супраць украінскай рэзалюцыі пра тое, што Расія парушае правы чалавека ў Крыме. Як адзначыў  прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык, з гэтай нагоды ў СМІ з'явіліся "шматлікія спекуляцыі". Дыпламат нагадаў, што Беларусь выступіла адразу супраць чатырох падобных дакументаў, а не толькі ўкраінскага.

"У сувязі з гэтым хачу адзначыць, што пазіцыя Рэспублікі Беларусь па Украіне не памянялася ні на ёту. Пытанне аб працэдуры разгляду тэматыкі правоў чалавека ў ААН ляжыць зусім у іншай плоскасці і, па нашым цвёрдым перакананні, не мае ніякага дачынення да тэмы тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны", — падкрэсліў Мірончык.

Па яго словах, Беларусь паслядоўна выступае супраць краінавых рэзалюцыяў, бо сама станавілася іх мішэнню. Беларускія ўлады мяркуюць, што такія дакументы — спадчына часоў "халоднай вайны". Заміж іх міжнародная супольнасць ужо выпрацавала новую працэдуру — Універсальны перыядычны агляд Савета ААН па правах чалавека.

"Мы заўсёды адкрыта галасуем супраць краінавых рэзалюцый, дзе б яны ні разглядаліся — у Жэневе або Нью-Ёрку. Гэта — не сведчанне падтрымкі краін, якія робяцца аб'ектамі рэзалюцый, а сведчанне нашага паслядоўнага непрымання крывадушных падыходаў да тэмы правоў чалавека, якія навязваюцца Арганізацыі Аб'яднаных Нацый асобнымі дзяржавамі па прынцыпе "я лепш ведаю, што вам трэба рабіць", — гаворыцца ў каментары Мірончыка.

Дыпламат паведаміў, што кіраўнік МЗС Уладзімір Макей патлумачыў гэтую пазіцыю сваім калегам з іншых краінаў, якія звярнуліся па тлумачэнні. У прыватнасці, з кіраўніком МЗС Украіны Паўлам Клімкіным тэлефонная размова адбылася напярэдадні галасавання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі