МЗС: Нават калі выйдуць на свабоду “тыя людзі”, мы не станем любімчыкамі ЕС
Адносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю былі лепшымі ў 2013 годзе, чым у 2012, але адказнасць за немагчымасць кампрамісу афіцыйны Мінск скідвае на ЕС.
Беларускія ўлады зацікаўленыя не толькі ў нармалізацыі адносінаў з Еўрасаюзам, але і ў пашырэнні свайго ўдзелу ў праграме Усходняе партнёрства. Праўда, у асобных яе праектах, прызнаецца начальнік аддзела ЕС і субрэгіянальных арганізацый упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС Беларусі Алег Шлома падчас круглага стала “Беларуска-еўрапейскія адносіны пасля віленскага саміту Усходняга партнёрства".
Алег Шлома: “У якасці важнага інструмента наладжвання адносінаў з ЕС мы разглядаем удзел ва Усходнім партнёрстве. З пункту гледжання Беларусі, гэты фармат мае сур’ёзны патэнцыял для развіцця адносінаў па важных прыкладных накірунках: умацаванне межаў, барацьба з нелегальнай міграцыяй, арганізаванай злачыннасцю, наркатрафікам, абарона навакольнага асяроддзя і шмат іншых”.
Алег Шлома
І звыкла нагадвае, што нармалізацыя наўрад ці магчымая ва ўмовах “падвойных стандартаў і палітыкі санкцый”.
Алег Шлома: “Развіццё моцнай, стабільнай і прадказальнай Беларусі — у інтарэсах самога ЕС і яго краін-сябраў. Паспяховае дасягненне гэтых мэтаў магчымае толькі шляхам раўнапраўнага, паважлівага дыялогу, без санкцый і ціску, без папярэдніх умоў і патрабаванняў, без нагрувашчвання новых штучных перашкод для актыўнага ўзаемадзеяння па скасаванні існуючых праблем”.
А тое, што нашы ўлады нарэшце пагадзіліся распачаць працэс аблягчэння візавага рэжыму, прадстаўнік МЗС называе дэманстрацыяй гатоўнасці Беларусі да пошуку кампрамісаў у вырашэнні “праблемных пытанняў” з ЕС.
Арсені Савіцкі (дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў) і Алег Шлома
Удзел у асобных праектах Усходняга партнёрства, розныя “тэхнічныя” і нават палітычныя перамовы беларускіх і еўрапейскіх чыноўнікаў — гэта добра, пагаджаецца кіраўнік дэпартамента палітыкі, інфармацыі і прэсы Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Рудольф Рышар, але…
Рудольф Рышар: “Для поўнага наладжвання адносінаў ёсць пэўныя ўмовы, якія да гэтага часу не выкананыя. Па гэтых пытаннях кампрамісу асаблівага я не бачу. І калі ў гэтым накірунку нічога не будзе зроблена, то складана нешта рабіць з нашага боку”.
Рудольф Рышар
Найперш, размова ідзе пра ўмову вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў, якую ЕС выстаўляе беларускім уладам. Больш за тое, падчас таго ж віленскага саміту міністр беларускага МЗС Уладзімір Макей заявіў, што палітвязняў у нас няма — выключна крымінальнікі. Які выхад з гэтай сітуацыі, цікавіцца Еўрарадыё ў Алега Шломы.
Алег Шлома: “Мы разумеем, што гэта адно з сур’ёзных пытанняў на парадку дня, якое хвалюе Еўрасаюз. Але — адно з пытанняў! Будзем рэалістамі, нават калі заўтра выйдуць на свабоду гэтыя людзі, мы не ўбачым, што мы сталі добрымі сябрамі з Еўрасаюзам, на нас пасыпаліся еўрапейскія грошы і мы сталі любімчыкамі Еўрасаюза. Гэтага не адбудзецца — надта шмат негатыву назапасілася. Трэба час, каб яго пераадолець і выйсці на пазітыўны парадак дня. А гэта (вызваленне палітзняволеных. — заўв. Еўрарадыё) — адно з пытанняў, якое стаіць на парадку дня, мы яго не адмятаем, не заплюшчваем на яго вочы”.
Але не толькі палітычныя “падводныя камяні” перашкаджаюць эфектыўным зносінам Беларусі і ЕС, звяртае ўвагу старшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў. Найперш, гэта адсутнасць паміж нашымі краінамі Дамовы “Аб добрасуседстве і супрацоўніцтве”. Але самае галоўнае непаразуменне хаваецца ў “Еўрапейскай канцэпцыі бяспекі”. Паводле якой ЕС спрыяе развіццю дэмакратыі ў краінах-суседзях.
Дзяніс Мельянцоў: “А Беларусь настойвае на “прынцыпе неўмяшальніцтва”. Прынцып “прамоцыі дэмакратыі” і “прынцып неўмяшальніцтва і раўнапраўя ў міжнародных адносінах” прыводзяць да сур’ёзных супярэчнасцяў у беларуска-еўрапейскіх адносінах. Якія прыводзяць да ўзаемнага неразумення, у палітыку санкцый, з беларускага боку таксама ўводзяцца абмежаванні ў дачыненні да Еўрасаюза. І гэта тыя рэчы, якія вельмі складана пераадолець”.
Дзяніс Мельянцоў
Цікавае выйсце з сітуацыі прапануе дырэктар Цэнтра вывучэння знешняй палітыкі і бяспекі Сяргей Палагін — не звяртаць на непаразуменні ўвагі і пачаць будаваць адносіны з чыстага аркуша. А дакладней, пачаць даваць Беларусі больш грошай. Бо ў нас… няма карупцыі.
Сяргей Палагін: “Беларусь мае вялікую перспектыву, бо, у параўнанні з Украінай, у нас карупцыя роўная мінус аднаму. Можа, у гэтай сувязі Еўрасаюз зверне ўвагу на Беларусь, і мы гэтыя грошы з розумам патрацім? Можа, з гэтага пачаць?”
Сяргей Палагін
Тое, што беларускія ўлады гатовыя прыняць не абцяжараныя палітычнымі ўмовамі грошы ад ЕС, вядома і без экспертаў. Але даваць грошы без гарантыі правядзення палітычных, эканамічных і сацыяльных рэформ Еўрасаюз не асабліва хоча. Тут дзейнічае прынцып “больш за большае”. Асабліва з улікам таго, што і ў выпадку са змяншэннем кошту віз, як кажа Алег Шлома, “трэба пачакаць” і не спадзявацца, што гэта будзе ўжо заўтра, а ў выпадку з малым памежным рухам з Літвой і Польшчай — “мы вывучаем вопыт працы гэтай сістэмы з Латвіяй”. Дый браць удзел у "Дыялогу па мадэрнізацыі Беларусі", прапанаваным ЕС, беларускія ўлады не хочуць.
Фота: Змітра Лукашука