МЗС: Ніякая навіна пра Беларускую АЭС не будзе для Літвы дастаткова добрай

МЗС: Ніякая навіна пра Беларускую АЭС не будзе для Літвы дастаткова добрай

Літоўскі бок робіць усё, каб дэзавуяваць высновы місіі МАГАТЭ па Беларускай АЭС. Такім чынам прэс-сакратар МЗС нашай краіны Дзмітрый Мірончык пракаментаваў заяву знешнепалітычнага ведамства Літвы. У Вільні лічаць, што эксперты службы МАГАТЭ па аглядзе пляцоўкі і канструкцый атамных аб`ектаў з улікам знешніх пагроз (SEED-місія) праводзяць ацэнку АЭС, якая будуецца ў Астравецкім раёне, не ў поўным аб`ёме (місія працавала ў Беларусі 16-20 студзеня).

"На жаль, добрыя навіны нашым літоўскім партнёрам не вельмі патрэбныя, — цытуе словы Мірончыка прэс-служба МЗС Беларусі. — Ці, скажам так, ніякая навіна пра Беларускую АЭС не будзе для іх дастаткова добрай". Прэс-сакратар адзначыў, што "ў гэтым выпадку гэта відавочна як ніколі". Паводле слоў Мірончыка, за суткі да прэс-канферэнцыі кіраўніцтва місіі МАГАТЭ, "не чакаючы яе высноваў, не даючы шанцу выказацца экспертам, якія сёння занятыя падрыхтоўкай выніковых дакументаў, літоўскі бок робіць усё, каб дэзавуяваць высновы і саму місію агенцтва". Літоўцы спасылаюцца на нейкі ліст гендырэктара МАГАТЭ, які не прыводзіцца і не цытуецца.

Дзмітрый Мірончык заклікаў паважаць аўтарытэт і меркаванне міжнародных структур, а таксама даць экспертам МАГАТЭ ды беларускім спецыялістам "спакойна скончыць сваю працу".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі