МЗС Расіі абвінаваціла Вялікабрытанію ў датычнасці да забойства Распуціна
Прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава абвінаваціла брытанскія спецслужбы ў забойстве Грыгорыя Распуціна 100 гадоў таму, перадае Радыё "Свабода".
Заява Захаравай прагучала на сённяшним брыфінгу. Яна заявіла, што да такіх высноваў можна прыйсці пасля прачытання кнігі былога агента Скотланд-Ярда Рычарда Калена, у якой нібыта прыводзяцца архіўныя дакументы афіцэраў брытанскай разведкі.
Таксама Захарава паведаміла, што афіцыйны Лондан мае дачыненне да гібелі расійскага імператара Паўла I (больш за 200 гадоў таму) і палітычнага дзеяча Конга Патрыса Лумумбы (забіты ў 1961 годзе). Яна назвала Вялікабрытанію "сусветным рэкардсменам па генацыдзе" і дадала, што падчас каланізацыі Аўстраліі брытанцы знішчылі да 95% абарыгенаў.
Прадстаўніца МЗС патлумачыла, што яе заявы — гэта адказ на брытанскія абвінавачанні ў датычнасьці Расіі да забойстваў на замову за мяжой. У прыватнасці, афіцыйны Лондан лічыць, што менавіта расійскія спецслужбы стаяць за нападам на былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў брытанскім горадзе Солсбэры 4 сакавіка. Па звестках следства, Скрыпаляў атруцілі нервова-паралітычным рэчывам "Навічок", вырабленым у Расіі. Расія гэтыя абвінавачанні адмаўляе.