На аўтазапраўцы ў Заслаўі паставілі помнік князю Ізяславу (фота)
У Заслаўі на аўтазапраўцы прадпрыемства "Беларуснафта — Мінскаўтазапраўка" з'явілася скульптура князя Ізяслава. Ён заснавальнік Заслаўя, пры ім аднавілася дынастыя полацкіх князёў.
Скульптура мае амаль трохметровую вышыню і паказвае Ізяслава такім, якім ён мог бы быць у сталым узросце, піша mlyn.by. Дырэктар РДУП "Беларуснафта — Мінскаўтазапраўка" Аляксандр Драгун мяркуе, што скульптура Ізяслава ўпрыгожыць не толькі тэрыторыю запраўкі, але і горад у цэлым.
Нагадаем, што гістарычны князь Ізяслаў (каля 980 — 1001) — сын Рагнеды і кіеўскага князя Уладзіміра. Паводле легенды, ён абараніў маці, калі Уладзімір хацеў яе забіць за замах на яго жыццё. Злітаваўшыся, Уладзімір адаслаў Ізяслава і Рагнеду ў Полацкую зямлю. Ізяслаў княжыў у Полацку ў 988—1001 г.
Дарэчы, памёр Ізяслаў, калі яму было крыху больш за 20 гадоў.