На "Беларусьфільме" здымуць першы індыйскі фільм
На "Беларусьфільме" здымуць першы індыйскі фільм. Пра гэта паведаміў Лаліт Чакані, ганаровы консул Беларусі ў Мумбаі. 15 траўня ён сустрэўся са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу нашай краіны Міхаілам Мясніковічам. Апошні з'яўляецца ўпаўнаважаным па супрацоўніцтве з Індыяй.
Як інфармуе прэс-служба Савета Рэспублікі, Чакані распавёў Мясніковічу пра новыя праекты, якія будуць рэалізаваныя ў Беларусі з удзелам індыйскага бізнесу. Перспектыўнай галіной для развіцця партнёрства ён назваў кінаіндустрыю. Супрацоўніцтва з "Беларусьфільмам" мусіць пачацца ўжо ў бліжэйшы час. "Гэты праект стане своеасаблівым лакаматывам для далейшага партнёрства двух краін у кінаіндустрыі", — адзначыў ганаровы консул.