На час следства Віктара і Эдуарда Бабарыкаў пакінуць пад вартай
Віктар Бабарыка / Еўрарадыё
На час следства Віктара і Эдуарда Бабарыкаў пакінуць пад вартай. Пра гэта каманда прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду паведаміла ў афіцыйным акаўнце ў "Твітары".
"Віктару і Эдуарду Бабарыкам прад'яўленае абвінавачанне і абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту", — коратка сказана там.
Фаварыт прэзідэнцкіх выбараў-2020 Віктар Бабарыка затрыманы 18 чэрвеня. Сілавікі спынілі машыну, у якой ён з сынам Эдуардам вёз подпісы ў мясцовыя выбаркамы. Эдуард Бабарыка, які кіруе выбарчым штабам Віктара Бабарыкі, таксама быў затрыманы. Абодва яны знаходзяцца ў СІЗА КДБ.
20 чэрвеня Віктару Бабарыку прад'яўленае абвінавачанне. Па якім артыкуле абвінавачваецца экс-банкір, сілавікі не паведамлялі. "[Бабарыка] мае намер адстойваць свае перакананні і сумленнае імя. Мы настойваем на яго невінаватасці", — сказаў адзін з адвакатаў палітыка Дзмітрый Лаеўскі.
Абвінавачанне Эдуарду Бабарыку было прад'яўленае 21 чэрвеня.
Раней старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель заяўляў, што Віктар Бабарыка затрыманы, таму што "спрабаваў уздзейнічаць на сведак, схаваць сляды раней здзейсненых злачынстваў". Магчыма, гэтымі ж меркаваннямі тлумачыцца рашэнне пакінуць яго пад вартай да суда.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.