На Дзень Перамогі рух у Мінску пачнуць перакрываць з 5-й раніцы

Мінская гарадская ДАІ папярэджвае кіроўцаў і пешаходаў пра абмежаванне руху на вуліцах сталіцы ў сувязі са святкаваннем 70-годдзя Перамогі. 9 траўня на некаторых участках дарог Мінска рух будзе перакрыты для ўсіх відаў транспарту.

У 4.00 з ваеннага гарадка ва Уруччы рушыць механізаваная калона ваеннай тэхнікі, якая пройдзе па вуліцах Заснавальнікаў, Старынаўскай, па праспекце Незалежнасці, вуліцах Сурганава, Куйбышава, Багдановіча да праспекта Машэрава. Рух будуць перакрываць паэтапна па меры прасоўвання тэхнікі. Пасля праходжання калоны рух на гэтых участках дарог будзе аднаўляцца. У сувязі з гэтым кіроўцы ўжо раннім ранкам павінныя мець на ўвазе гэтыя планы ваенных і ДАІ.

Калі ваенная тэхніка дабярэцца на праспект Машэрава, рух на ім перакрыюць на ўчастку ад вуліцы Чырвонай да вуліцы Ціміразева. У 11.00 тут пачнецца парад войскаў Мінскага гарнізона і тэатралізаванае спартова-моладзевае шэсце. Пасля завяршэння мерапрыемстваў ваенная тэхніка пойдзе назад у ваенны гарадок па наступным маршруце: праспект Машэрава, вуліца Ціміразева, Арлоўская, плошча Бангалор, вуліца Сурганава, праспект Незалежнасці, вуліца Старынаўская, ваенны гарадок “Уручча”. Рух на гэтым маршруце таксама будзе паэтапна перакрывацца і аднаўляцца.

Апроч таго, у сувязі з ускладаннем вянкоў да манумента Перамогі з 7.30 закрыюць рух усіх відаў транспарту па праспекце Незалежнасці ад вуліцы Янкі Купалы да вуліцы Казлова, а таксама па вуліцы Захарава ад праспекта Незалежнасці да Першамайскай і па Кісялёва ад праспекта Незалежнасці да Чырвонай. Пасля завяршэння мерапрыемстваў рух на гэтых участках вуліц адновіцца.

Фота: Bymedia, ДАІ ГУУС Мінгарвыканкаму

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі