На дзіцячую лякарню ў Гомелі сабралі $26 тысяч: дапамагла Дар’я Домрачава
Міністэрства аховы здароўя абвяшчае збор сродкаў на рэканструкцыю Гомельскай абласной дзіцячай лякарні. Бюджэтныя грошы на гэта ёсць, але, паводле чыноўнікаў, “збор сродкаў зменшыць нагрузку на бюджэт”. Дакладна за бюджэтныя грошы ў лякарні паставяць новыя апараты КТ і МРТ.
Цяпер на банкаўскіх рахунках ёсць 50 тысяч рублёў (каля $26 тысяч). Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ва ўпраўленні па ахове здароўя Гомельскага аблвыканкама.
Супрацоўнік упраўлення: “Цяпер на рахунку ёсць 50 тысяч, але гэтыя грошы раней сабралі. Па меры паступлення сродкаў будзем вырашаць, што закупляць. Там і мэбля патрэбная, аперацыйная з тэлемедыцынай, абсталяванне для рэанімацыі, фізіятэрапеўтычнае абсталяванне”.
25 тысяч рублёў лякарні ўдалося сабраць з дапамогай спартовага фестывалю “Зоркі біятлона за мір”, які летась арганізоўвала біятланістка Дар’я Домрачава. Тады ўсе сродкі былі пералічаныя на рахунак дзіцячай лякарні.