На фэсце "Купальскае кола" украінскія гурты маліліся за Беларусь (фота)

У пятніцу ў Re:Public пачынае "грымець" ужо у 14 гадзін. І не дзіўна, у лайн-апе традыцыйнага летняга фэсту "Купальскае кола" значацца 15 гуртоў з Беларусі, Украіны і Польшчы. Праўда, працоўны дзень — не лепшы час для падобнага свята, наракае арганізатар Алесь Таболіч:


"Зразумела, пятніца, прычым, з 14 да 24 — не лепшы час для фэсту. Няхай гэта ўсё ўрбанізавана, але тое, што фэст праходзіць ужо ў шосты раз, дае моц і сілу рабіць гэта і далей. Фестываль некамерцыйны — робіцца за ўласныя грошы і за ідэю. Але людзі прыходзяць. Пад сцэнай бачна і на сцэне бачна, як яны каўбасяцца, што іх гэта плюшчыць і прыбівае".

Znich


Гэтым разам арганізатары прапаноўваюць прысутным шукаць папараць-кветку, схаваную недзе ў клубе.


"Атмасфера ўвогуле класная, — дзеліцца ўражаннямі Аляксандр. — Хаця мне складана казаць па атмасферу, я даўно не хадзіў на падобныя канцэрты. Недзе з 8 класа па 11, ды 1-2 курс, так, была справа. Потым гэта было закінутае, самі бачыце, валасоў няма. Калі раней слэміўся, то цяпер гляджу з боку — па-мойму, за гэтыя гады нічога не змянілася, усё квітнее, беларускі андэграўнд жыве!"


Хэдлайнеры вечара — Znich, украінцы "Тінь Сонця", Natural Spirit, палякі Percival Schuttenbach.


"На фэсце "Купальскае кола" мы выступаем упершыню, — кажа фронтвумэн Percival Schuttenbach Ёана Лахер. — Калі мы сюды ехалі, то не чакалі чагосьці незвычайнага. Звыклыя да таго, што Польшча — краіна вельмі развітая, зайшлі ў Re:Public і, ваў, сцэна, святло. У Польшчы ёсць мала такіх клубаў! Мы ад пачатку маем супер-экстра-ўражанні. Выдатны фэст, і, мяркую, што ў Польшчы таксама мусяць рабіць такія рэчы. Спадзяюся, што праз год мы працягнем сёлетнюю традыцыю і павязем "Купальскае кола" у Польшчы".

Percival Schuttenbach


І сапраўды, па заканчэнні мінскага марафона удзельнікі фэсту сядаюць у аўтобус і вязуць "Купальскае кола" ва Украіну, у Каменец-Падольскі, чым пачынаюць добрую традыцыю вандроўных фэстаў.

"Тінь сонця"


А пакуль на сцэне сэт пачынальнікаў казацкага року, кіеўскага гурта "Тінь сонця". Гурта, які абавязкова ўключае ў свае альбомы па адной песні на беларускай мове. Лідар каманды Сяргей Васілюк скарае веданнем беларускай ды яшчэ заводзіць песняроўскую "Малітву" са словамі: "Галоўны падарунак для вас, дарагія браты, будзем маліцца разам".


"Вельмі прыемна, што ёсць такая добрая традыцыя сустрэцца з беларусамі, ёсць фестываль "Купальскае кола", — кажа Сяргей Васілюк. — Тут, мне здаецца, збіраюцца найлепшыя беларусы, ну, магчыма, не ўсе могуць прыехаць у Re:Public, але гэта нашы аднадумцы і нашы духоўныя браты і мы вельмі рады сустрэчы з імі. Вельмі добра, што Алесь Таболіч заснаваў такі фэст, і добра, што з гэтага года ён робіцца украіна-беларускім".


Алесь Таболіч марыць, што аднойчы "Купальскае кола" пакіне мармуровыя сцены "Рэпабліка" і вырвецца на вольнае паветра.

Natural Spirit

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі