Для юбілейнага “Каляднага фэсту” ўсе ўдзельнікі рыхтуюць прэм’еры

25 снежня ў мінскім клубе Re:public пройдзе пяты “Калядны фэст”. Традыцыйна на ім выступяць лепшыя прадстаўнікі сярэднявечнай фолк-музыкі краіны: “Стары Ольса”, Znich, Litvintroll, Irdorath, Pawa ды Lity Taler. Паралельна забаўляць наведвальнікаў будуць таксама сярэднявечныя, але танцавальныя калектывы “Гістрыён” і “Фламея”.

Усе ўдзельнікі юбілейнага фэсту падрыхтавалі сюрпрызы ды падарункі. Да прыкладу, “Стары Ольса” выканае самыя танцавальныя кампазіцыі з новага альбома “Santa Maria” і зладзіць аўтограф-сесію. Fantasy-folk-гурт Irdorath прэзентуе новы, пашыраны склад: у іх з’явіліся два новыя музыкі, а адпаведна, і новыя інструменты. Таксама Irdorath падрыхтаваў тры новыя кампазіцыі на трох розных мовах. Гурт Pawa, вядомы сваімі арыгінальнымі эксперыментамі спалучэння дударскай і танцавальнай музыкі прэзентуе дзве абсалютна новыя кампазіцыі “Беларуская Калядка” і “Беларуская Калыска”. Гурты Znich і Litvintroll не адкрываюць падрабязнасцяў, але таксама абяцаюць некалькі сюрпрызаў.

Усім, хто прыйдзе на пяты “Калядны фэст” у святочных, народных альбо карнавальных строях, арганізатары падараць дыск з беларускай музыкай.

Фота: Budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі