На Форуме прадпрымальнікаў іпэшнікі вялі дыялог з чыноўнікамі з міністэрстваў
13 чэрвеня ў Мінску прайшоў чарговы Форум прадпрымальнікаў. Яго арганізатарам выступіла рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Перспектыва" на чале з Анатолем Шумчанкам. Апроч прадпрымальнікаў на мерапрыемстве прысутнічалі чыноўнікі: Андрэй Мяшкоў з Мінгандлю, Пётр Арушаньянц і Валерый Хомчанка з Мінэканомікі, а таксама Аляксандр Каліноўскі з Мінгарвыканкама.
Паводле слоў Анатоля Шумчанкі, вынікам форуму стаў дыялог, які вялі прадпрымальнікі з прадстаўнікамі ўлады, а таксама — падпісанне рэзалюцыі, у якой зафіксаваныя задачы для прадпрымальнікаў на бліжэйшы час.
Па меркаванні ўдзельнікаў форуму, рашэнні выканаўчай і заканадаўчай ўлады, якія кранаюць умовы вядзення бізнесу, павінны прымацца выключна з улікам меркавання саміх прадпрымальнікаў, у якім мусіць быць права вета. Да таго ж улады павінны прызнаць малы прыватны бізнес як аснову фарміравання сярэдняга і буйнога бізнесу. Удзельнікі форуму заклікаюць чыноўнікаў, якія ажыццяўляюць кантрольна-наглядныя функцыі, пераключыцца на папераджальную, а не карную практыку, а таксама забяспечыць гарантыі недатыкальнасці маёмасці ІП. То бок, спыніць практыку канфіскацыі тавараў і ўвогуле ліквідаваць сетку крамаў "Канфіскат", бо, маўляў, гэта магутнейшы стымул для таго, каб забіраць тавары. Апроч таго, прадпрымальнікі прапануюць зменшыць штрафы мінімум на 50%, а таксама браць адказнасць за сертыфікат аптавікам і вытворцам, а не прадстаўнікам рознічнага гандлю.
"Мы будзем паступова вырашаць гэтыя задачы, якія сёння паставілі сабе і ўладам, — гаворыць у каментары Еўрарадыё Шумчанка. — Бо сёння сітуацыя такая, што на выгляд нібыта ўсё спакойна. Але насамрэч гэта падманліва. Сітуацыя закансерваваная і можа ўзарвацца ў любы момант. І будзе так жа, як і зімой. Любыя праверкі выклічуць закрыццё аб'ектаў прадпрымальнікаў. Нам трэба пастаянна сустракацца. Сёння, дарэчы, Арушаньянц сядзеў у прэзідыуме, адказваў на пытанні, рэагаваў. Цудоўна! Гэта быў прамы дыялог. Але мы спазяемся гэта ўвасобіць у сапраўдны дыялог, а не дыялог на форуме. Калі ў некага ўзнікла ілюзія, што прадпрымальнікі апусцілі рукі і не будуць змагацца, гэта лухта. Мы заўсёды гатовыя да барацьбы. Каб дабіцца гэтага дыялогу нам давялося выйсці на вуліцы. Ад гэтага трэба адыходзіць. Але мы ўпэўнены, што страйкі — гэта дзейная мера барацьбы за права і інтарэсы. І форумы мы праводзім, каб вырашыць гэтыя пытанні цывілізавана".
Чарговы Форум прадпрымальнікаў адбудзецца незадоўга да парламенскіх выбараў — 5 верасня.