На помніку Касцюшку ў Швейцарыі ўсё ж з'явіцца беларускі надпіс
Канфлікт вакол помніка Тадэвушу Касцюшку ў Швейцарыі атрымаў развязку. 17 кастрычніка ў Залатурне, дзе памёр нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і ЗША, усталяваны помнік і шыльда з беларускім надпісам, перадае Радыё "Свабода".
Усталяванне помніка завершылася 17 кастрычніка. На ім замацаваная шыльда з надпісам "Тадэвуш Касцюшка. 1746–1817. Ад Беларускага аб’яднання ў Швейцарыі. 2017 год" па-беларуску і па-нямецку. Такі тэкст узнік у выніку кампрамісу пасля канфлікту швейцарскіх беларусаў з польскім паслом Якубам Кумахам.
Як паведамлялася раней, польскаму дыпламату не спадабаўся ранейшы тэкст на шыльдзе: "Сыну Беларусі ад удзячных суайчыннікаў". Таксама ён прапанаваў адмовіцца ад беларускамоўнага надпісу і пакінуць толькі нямецкамоўны — "Тадэвуш Касцюшка. 1746–1817".
Плмнік быў пастаўлены з ініцыятывы і на грошы беларусаў Швейцарыі. Большую частку сумы даў старшыня Аб’яднання беларусаў Швейцарыі Аляксандр Сапега.
Па яго словах, вырашыць канфлікт дапамог кіраўнік беларускай дыпламатычнай місіі ў Швейцарыі Павел Мацукевіч. Беларускі дыпламат сустракаўся з мэрам Залатурна, каб улагодзіць спрэчку.
Дзякуючы амбасадзе Беларусі ў Бэрне ўдалося знайсці і спонсара, які кампенсаваў Аб’яднанню беларусаў Швейцарыі траціну выдаткаў на помнік. Агулам на выраб і ўсталяванне скульптуры было выдадзена не менш за 7 тысяч еўра.
Урачыстае адкрыцьцё помніка ў Залатурне адбудзецца 21 кастрычніка.